Skip to main content

У парафіі ў Заневічах адзначылі адпустовую ўрачыстасць Сэрца Езуса

zaniewicze 217 чэрвеня ў парафіі ў Заневічах (Бераставіцкі дэканат) святкавалі адпустовую ўрачыстасць. У гэты дзень, пятніцу пасля актавы Божага Цела, у Касцёле адзначалася ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, наведаўшы з візітам гэтую парафію, адкуль паходзіць, узначаліў у межах адпустовай урачыстасці святую Імшу.

У літургіі ўдзельнічалі сакратар арцыбіскупа кс. канонік Юрый Ясевіч, які быў пробашчам гэтай парафіі, духавенства Бераставіцкага дэканату, парафіяне і госці.

У цэнтральным алтары касцёла ў Заневічах знаходзіцца абраз Сэрца Езуса. Яно напісана таксама на франтоне касцёла. Парафіяльная супольнасць у Заневічах невялікая, але духоўна багатая, яе вернікі ахвотна збіраюцца на ўрачыстасцях у сваёй святыні.

На Імшы арцыбіскуп нагадаў пра гадавіну прысвячэння Сэрцу Езуса. Іерарх заахвоціў прысутных звяртацца да Сэрца Хрыста са сваімі інтэнцыямі.

Пробашч парафіі ў Адэльску кс. канонік Віктар Мыслюк у гаміліі звярнуў увагу на тое, якую пашану аддавалі Сэрцу Езуса, не саромячыся сваёй веры, нашы продкі. Святар закрануў некаторыя праблемы духоўнага жыцця ў сённяшнім свеце, асабліва праблему рэлігійнай абыякавасці, і заклікаў сведчыць пра веру і прыналежнасць да Касцёла.

Пасля літургіі, якая праходзіла ў цёплай сямейнай атмасферы, уся парафіяльная супольнасць аднавіла прысвячэнне Сэрцу Езуса.

Затым адбылася працэсія вакол касцёла. Былі зроблены фотаздымкі на памяць. Пробашч парафіі кс. Алег Канановіч падзякаваў прысутным за ўдзел ва ўрачыстасці і супольную малітву.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі