5 чэрвеня ў Каменцы (Шчучынскі дэканат) адбылося пахаванне с. Цэцыліі Гелены Абухоўскай. На працягу 25 гадоў яна была генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці.
На пахавальнай Імшы ў касцёле св. Антонія і Аб’яўлення Пана, дзе спачылая служыла раней арганісткай, сабраліся святары, законныя сёстры і свецкія вернікі, удзячныя за яе адданае і ахвярнае служэнне.
Перад пачаткам літургіі генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці с. Фаўстына Цыдзік нагадала біяграфію спачылай.
Звяртае на сябе ўвагу між іншым важная роля сястры Цэцыліі ў захаванні ад знішчэння абраза Езуса Міласэрнага, напісанага ў 1934 г. Яўгенам Казіміроўскім па эскізе святой Фаўстыны Кавальскай. З 1956 г. абраз знаходзіўся ў касцёле ў Новай Рудзе пад Гроднам, адкуль паходзіла сястра Цэцылія. Адтуль яна вывезла яго ў Вільню, калі савецкія ўлады вырашылі ператварыць касцёл у склад.
Пазней у адным з аповедаў для прэс-службы Гродзенскай дыяцэзіі законніца так успамінала той час: “Перад ад’ездам я ўсю ноч прамаўляла дваццаць ружанцовых малітваў. Я рабіла гэта, каб усё атрымалася. У час паездкі я ўспамінала вочы Езуса, якія глядзяць з абраза з міласэрнай любоўю, і малілася аб тым, каб наша падарожжа скончылася паспяхова”.
Гэта ўдалося, у Вільні абраз быў перададзены тагачаснаму пробашчу парафіі Святога Духа, сённяшняму біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу.
Біскуп Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў межах цырымоніі пахавання сястры Цэцыліі.
Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі заахвоціў прысутных падзякаваць Богу за жыццё спачылай, цалкам прысвечанае Касцёлу, манаскай сям’і, да якой яна належала, і бліжняму.
“Гэтае наша развітанне з чалавечага пункту гледжання сумнае, аднак у перспектыве веры напоўнена пасхальным святлом і хрысціянскай надзеяй”, – сказаў біскуп.
Іерарх падкрэсліў, што сястра Цэцылія прыняла ад Пана ў духу веры крыж хваробы і кожны дзень выяўляла гатоўнасць несці яго.
“Спачатку яна бачыла хваробы і пакуты іншых, а цяпер сама мужна і без наракання несла гэты крыж на Галготу свайго жыцця”, – дадаў біскуп.
Па яго словах, гэта пацвярджалася ў час яе прабывання ў парафіі ў Каменцы і ў мясцовым Доме міласэрнасці. У Каменцы – месцы, якое спачылая любіла і з якім адчувала сябе звязанай, – яе наведвалі законныя сёстры, духавенства і сябры з ліку свецкіх людзей, заўсёды захапляючыся спакоем і цярплівасцю, з якімі яна пераносіла боль і пакуты.
Эўхарыстыя ў інтэнцыі спачылай стала для ўдзельнікаў нагодай падзякаваць Богу за дар яе жыцця, за дабро, якое яна зрабіла для мноства людзей, за поўныя адданасці гады катэхетычнай дзейнасці, за ціхае, у духу Панны Марыі, служэнне ў галіне літургічнага спеву, за прыклад ажыццяўлення евангельскіх парадаў і поўны давер адвечным Божым наказам.
Пасля Імшы адбылося пахаванне на мясцовых могілках, дзе пахаваны сёстры з той жа манаскай супольнасці.
Сястра Цэцылія Абухоўская нарадзілася ў 1927 г. у Новай Рудзе.
У 1950 г. прынесла манаскія абяцанні. У часы пераследу веры пра тое, што яна з’яўляецца законніцай, ведалі толькі яе маці і родная сястра.
З 1959 года была арганісткай у парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат).
Пасля дзесяці гадоў служэння ў Крамяніцы прыехала разам з кс. Юзафам Грасевічам у Каменку. Была там арганісткай, а таксама катэхеткай, дапамагаючы ксяндзу Юзафу ў душпастырстве.
На працягу 25 гадоў была генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), з’яўляючыся адказнай за ўсю супольнасць.
Адышла ў вечнасць у Доме міласэрнасці ў Каменцы 3 чэрвеня.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі