Skip to main content

У дзяцей з ваўкавыскай парафіі св. Станіслава Косткі адбыліся Першая Камунія і Белы тыдзень

wolkowysk komunia 126 мая ў парафіі ў Ваўкавыску адбылася ўрачыстасць Першай Камуніі.

Упершыню прынялі Езуса ў свае сэрцы 18 дзяўчынак і 16 хлопчыкаў. Падрыхтоўку да святой Камуніі дзеці распачалі два гады таму. На працягу гэтага часу яны вучылі малітвы, пазнавалі асноўныя праўды веры, разважалі над Божым словам, стараліся пазнаць Хрыста, стаць Яго сябрамі і палюбіць Яго.

Першы экзамен пасля падрыхтоўкі, першая споведзь, хваляванні і нават слёзы… Падтрымка бацькоў і добрая ўсмешка святара дапамаглі дзецям справіцца з выпрабаваннямі і з чыстымі сэрцамі прыйсці на сустрэчу з лепшым сябрам – Панам Езусам.

У думках з’яўляюцца такія радкі:

Пан мой ідзе, зараз бяжыць, каб сустрэць мяне.

Абмінае горы і рэкі, каб у Гостыі прыйсці,

Хоча накарміць нас Хлебам, да сябе нас прывясці.

wolkowysk komunia 4

Да Першай Камуніі дзеці прыступілі ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, і пад апекай Тройцы яны пачалі сваё жыццёвае падарожжа з хвіліны хросту. Як адзначыў у гаміліі пробашч парафіі кс. Павел Звяжынскі, Тройца асвячае жыццё чалавека не толькі ў хросце, але і ў іншых сакрамэнтах. Таму перад святой Камуніяй дзеці прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб сустрэць Езуса з чыстымі сэрцамі.

У пачатку Імшы, на якой удзялялася Камунія, дзеці атрымалі благаслаўленне бацькоў, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, аднавілі абяцанні хросту, паабяцалі хадзіць на ўрокі рэлігіі, працягваць вывучэнне Божага слова.

І вось наступіла доўгачаканая хвіліна. Момант прыняцця Езуса ў сваё сэрца кожны з дзяцей, безумоўна, перажываў па-свойму, а аб’ядноўвалі ўсіх хваляванне і радасць. Словы ўдзячнасці гучалі ў спеве:

О Езу ў Гостыі, песню хвалы прымі

І будзь праслаўлены цяпер і на вякі!

О Езу, Пане мой, прагну я жыць з Табой;

Езу, я Твой заўжды – цяпер і на вякі!

Пасля Камуніі прагучалі словы падзякі святару, катэхетцы, арганісту, бацькам, хросным і ўсім астатнім, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі і правядзення ўрачыстасці. Бацькі падрыхтавалі спеў падзякі Пану за атрыманыя ласкі, а дзеці выразілі сваю пашану да Бога танцам пад спеў “Raduje się dusza ma”.

wolkowysk komunia 10

Кожны з наступных сямі дзён – Белы тыдзень для дзяцей, якія прыступілі да Першай Камуніі, – юныя вернікі ў белым убранні спяшаліся ў касцёл, каб сведчыць аб гэтай вялікай падзеі ў іх жыцці і дзякаваць за дар Эўхарыстыі. У касцёле яны чыталі Божае слова, праслаўлялі Бога песнямі, а таксама атрымлівалі падарункі, якія з’яўляюцца неабходнымі рэчамі для ўмацавання сяброўства з Езусам: малітоўнікі і ружанцы. Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста дзеці прынялі ўдзел у эўхарыстычнай працэсіі. Адмысловым днём на гэтым тыдні стала субота, калі адбыўся Акт прысвячэння дзяцей Маці Божай Шкаплернай. Кожны з іх атрымаў медальён з выявай Панны Марыі, каб насіць яго разам з крыжыкам ля сэрца, адчуваючы прысутнасць і любоў сваёй Нябеснай Мамы.

У нядзелю, апошні дзень Белага тыдня, на святой Імшы прысутнічалі і дзеці, у якіх скончыўся першы год падрыхтоўкі да Першай Камуніі. Усе яны атрымалі дыпломы і салодкі пачастунак. Тыя, хто дасягнуў найлепшых вынікаў у вучобе – Іларыя Бохан, Маргарыта Савіцкая, Мілана Шурхаева, Сафія Ігнатовіч, Ганна Пільжыс, – атрымалі падарункі.

Незвычайныя падарункі чакалі і дзяцей, якія прыступілі да Першай Камуніі. Кожны з іх атрымаў кароценькае, але вельмі важнае пасланне ад Пана Бога, незвычайную пярлінку Божага слова.

Будзем маліцца аб тым, каб дзеці навучыліся шанаваць Бога Айца, які стварыў свет, любіць Пана Езуса, які адкупіў нас сваёй мукай і смерцю, прасіць Святога Духа даць ім мужнасць і мудрасць для таго, каб яны маглі жыць паводле Евангелля.

Жанна Вераціла, катэхетка парафіі; прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі