Skip to main content

У Міжнародны дзень абароны дзяцей у Гродне адбыўся Акт прысвячэння дзяцей Сэрцу Езуса

ddd act 11 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі праходзіў Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці.

У мерапрыемстве, якое адбывалася па ініцыятыве біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, узялі ўдзел паўтары тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Віцебскай дыяцэзіі.

На заканчэнне сустрэчы адбыўся ўрачысты Акт прысвячэння дзяцей Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Кожнае дзіця атрымала абразок з выявай Сэрца Пана Езуса і тэкстам прысвячэння на адваротным баку.

ddd act 10

Арганізатар сустрэчы кс. канонік Юрый Марціновіч прачытаў Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якой сёлета спаўняецца 125 гадоў. Ушанаванню Сэрца Езуса асаблівым чынам прысвечаны ў Касцёле месяц чэрвень.

Затым усе ўдзельнікі дыяцэзіяльнага свята прамовілі словы Акту прысвячэння.

Прысвяціўшы сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, дзеці пастанавілі жыць з гэтага моманту паводле Божых запаведзяў, Евангелля і вучэння Касцёла. Той, хто прысвячае сябе Сэрцу Езуса, тым самым прызнае найвышэйшую ўладу Езуса, пацвярджае, што выбірае Яго сваім Панам, Збаўцам і Валадаром.

Дзяцей заахвоцілі любіць людзей, асабліва тых, якіх яны сустрэнуць на летнім адпачынку.

ddd act 11

Ксёндз Юрый Марціновіч, звяртаючыся да дзяцей, сказаў: “Чым больш людзей мы любім, тым большымі будуць нашы сэрцы, але калі Пан Езус жыве ў нашых сэрцах, то, акрамя сяброў і родных, там знойдзецца месца і нашым непрыяцелям, злоснаму сябру ці непрыемнаму для нас чалавеку. Калі Езус будзе жыць у нашых сэрцах, мы зможам змясціць у іх увесь свет. Нашыя сэрцы будуць вялікімі, і я жадаю вам такіх вялікіх сэрцаў з нашым Панам Езусам”. Святар пажадаў, каб ва ўсіх сэрцах заўсёды былі цеплыня і добразычлівасць да людзей.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч