30 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, у парафіі святых Космы і Даміяна ў Астраўцы адбылася эўхарыстычная працэсія.
У працэсіі ўдзельнічалі жыхары Астраўца, у тым ліку дзеці, у якіх праходзіў Белы тыдзень пасля Першай Камуніі.
Малітоўныя супольнасці і сёстры эўхарысткі, якія працуюць пры парафіі, падрыхтавалі алтары для чатырох прыпынкаў на працягу працэсіі, на якіх чыталася Евангелле.
Дзеці, якія ў нядзелю Найсвяцейшай Тройцы прыступілі да Першай Камуніі, узялі ў працэсіі актыўны ўдзел і асаблівым чынам узбагацілі яе сваёй прысутнасцю. Хлопчыкі з ліку гэтых дзяцей выконвалі ролі апосталаў, на працягу ўсёй працэсіі суправаджаючы Езуса Хрыста, схаванага ў белай Гостыі.
Парафіяне былі вельмі ўзрушаныя тым, што, паўдзельнічаўшы ў працэсіі, сталі такім чынам сведкамі веры ў святую Эўхарыстыю.
Працэсія завяршылася гімнам “Цябе, Бога, праслаўляем” і благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Таццяна Лапшэвіч