19 мая парафія Святога Духа ў Гродне адзначыла сваю адпустовую ўрачыстасць. Для маладой гродзенскай парафіі гэты дзень, якім была нядзеля Спаслання Духа Святога, стаў асабліва святочным.
Вялікая колькасць вернікаў сабралася на галоўную адпустовую Імшу апоўдні, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. У Эўхарыстыі ўдзельнічала шмат маладых сем’яў, дзяцей і моладзі, таксама прысутнічалі дзеці, якія тыдзень таму прынялі Першую Камунію. Спевам Імшу ўпрыгожвалі тры парафіяльныя хоры: дзіцячы, моладзевы і дарослы.
73 вернікі, у тым ліку моладзь, прынялі на літургіі сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў біскуп.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу на трэцюю Боскую Асобу – Святога Духа, які быў спасланы на першы Касцёл і дары якога чалавек атрымоўвае ў сакрамэнтах, асабліва хросце і канфірмацыі. Біскуп распавёў аб вялікай вартасці дароў Духа ў жыцці хрысціяніна, заахвоціў канфірмаваных карыстацца імі і сведчыць у штодзённым жыцці аб прыналежнасці Хрысту.
У канцы Імшы маладыя парафіяне падзякавалі біскупу за дапаўненне іх хрысціянскага ўтаямнічання праз сакрамэнт канфірмацыі і ўпэўнілі яго ў сваіх малітвах. Пасля благаслаўлення канфірмаваныя зрабілі памятнае фота з іерархам.
Пасля абеду пачалася другая частка святкавання парафіяльнага фэсту, якая была прысвечана самым малодшым вернікам парафіі. Запрошаныя аніматары і моладзь арганізавалі для дзяцей розныя конкурсы, спаборніцтвы, гульні, забавы і танцы. У перапынках кожны жадаючы мог пачаставацца стравамі палявой кухні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі