Skip to main content

Моладзь парафіі ў Макараўцах прыняла сакрамэнт канфірмацыі

makarowce 811 мая ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (дэканат Вялікая Бераставіца) група моладзі – у цэлым 20 чалавек – прыступіла да сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Сакрамэнт удзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Святую Імшу, на якой вернікі былі намашчаны алеем хрызма ў абрадзе канфірмацыі, біскуп цэлебраваў у іх інтэнцыі. У малітве іерарх прасіў аб ласцы моцнай веры і адвагі для гэтых маладых людзей, каб яны маглі штодзённа даваць сведчанне прыналежнасці да вялікай сям’і Касцёла.

У гаміліі сакратар біскупа Гродзенскага кс. канонік Юрый Марціновіч падкрэсліў важнасць сакрамэнту канфірмацыі, які робіць чалавека здольным вызнаваць сваю веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.

Святар адзначыў, што дары Духа Святога, якія чалавек атрымлівае ў гэтым сакрамэнце, дапамагаюць ва ўзрастанні ў веры, у рэалізацыі жыццёвага паклікання і ў асабістым імкненні да дасканалага жыцця.

makarowce 12

У канцы Імшы біскуп заклікаў маладых парафіян, якія прыступілі да канфірмацыі, будаваць сваё жыццё на Богу і з Богам, несці веру, атрыманую ў хросце, сучаснаму свету і дзяліцца ёю з кожным, каго сустракаюць.

Іерарх падзякаваў пробашчу парафіі кс. Паўлу Беланосу за падрыхтоўку вернікаў да канфірмацыі і за клопат аб гэтай даручанай яму частцы Касцёла.

Таксама біскуп выказаў удзячнасць бацькам канфірмаваных за тое, што яны далі сваім дзецям рэлігійнае выхаванне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі