Skip to main content

У Ляцку адзначылі ўрачыстасць у гонар св. Станіслава і прыступілі да канфірмацыі

liack 48 мая ў парафіі ў Ляцку (Шчучынскі дэканат) адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар нябеснага апекуна гэтай парафіяльнай супольнасці – св. Станіслава, біскупа i мучаніка.

У межах урачыстасці, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, вернікі парафіі змаглі атрымаць дары Святога Духа ў сакрамэнце канфірмацыі.

Святочная літургія пачалася працэсіяй на чале з біскупам Кашкевічам з удзелам шматлікага духавенства Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У ходзе працэсіі пробашч парафіі кс. Уладзімір Аксенцьеў унёс рэліквіі св. Станіслава.

liack 1

Гамілію прамовіў пробашч парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне а. Андрэй Агель SP. Святар засяродзіў увагу на гісторыі жыцця св. Станіслава, адзначыўшы, што той быў чалавекам небаязлівым, справядлівым, не заплюшчваў вачэй на зло і аддаў жыццё за свае погляды, прыняўшы пакутніцкую смерць ад рук караля на Імшы. Як дадаў святар, просты народ вельмі любіў i шанаваў біскупа Станіслава, пасля яго смерці паўстаў супраць караля і той быў вымушаны пакінуць свой трон i горад. Памяць пра св. Станіслава жывая і сёння, не толькі ў Ляцку, але і ў многіх іншых месцах, заўважыў айцец Андрэй, прывёўшы ў прыклад Кракаў (Польшча), дзе ў гонар святога штогод адбываецца вялікая ўрачыстасць i працэсія з яго рэліквіямі.

Святар падкрэсліў, што дзякуючы пробашчу ксяндзу Уладзіміру, яго старанням i дбанню парафія ў Ляцку таксама мае часціцу святога Станіслава – яго рэліквіі, таму вера мясцовых парафіян у Пана Бога і Яго моц павінна быць непахіснай, як у іх святога заступніка.

Увагу вернікаў, якія прыступалі ў гэты дзень да канфірмацыі, айцец Андрэй звярнуў на тое, што ў гэтым сакрамэнце Святы Дух дае чалавеку мудрасць, розум, раду, мужнасць, умеласць, пабожнасць i боязь Божую, памнажае ў ім свае дары і ўмацоўвае да сведчання аб веры словамі i ўчынкам. Святар пажадаў парафіянам, каб сакрамэнт дапамог іМ стаць сапраўднымі хрысціянамі i каб яны не згубілі гэтыя вялікія дары.

liack 9

“Прагнем, каб Святы Дух, якога мы атрымаем, умацаваў нас для мужнага вызнання веры i для жыцця паводле яе праўд”, – адказалі падчас удзялення сакрамэнту вернікі, якія прыступалі да канфірмацыі, на пытанне біскупа, чаго яны чакаюць ад Бога. Яны прымалі актыўны ўдзел у літургіі: чыталі літургічныя чытанні, узносілі просьбы ў малітве верных, першымі з прысутных прынялі святую Камунію. Усе разам памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі i звярнуліся ў малітве да святога Станіслава, пасля чаго вырушылі ва ўрачыстай працэсіі, на завяршэнне якой быў праспяваны гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.

У канцы ўрачыстасці пробашч падзякаваў біскупу за цэлебрацыю Эўхарыстыі і ўдзяленне сакрамэнту, а ўсяму прысутнаму духавенству – за ўдзел.

Канфірмаваныя выказалі ўдзячнасць біскупу за ўдзяленне сакрамэнту, а свайму пробашчу – за дапамогу ў падрыхтоўцы да яго і за духоўнае настаўленне перад яго прыняццем. Словы падзякі ў адрас біскупа і ўсіх прысутных святароў былі выказаны прадстаўнікамі парафіяльнай рады і іншымі вернікамі.

Біскуп у сваю чаргу падзякаваў пробашчу за добрую і плённую працу і ўсе старанні. Завяршылася ўрачыстасць пастырскім благаслаўленнем.

Як распавядаюць парафіяне, яны вярталіся з урачыстасці з радасцю і ўпэўненасцю, што з гэтага моманту іх жыццё стане лепшым, бо ў іх ёсць не толькі абраз святога, але і яго часціца, і нябесны апякун, калі звяртацца да яго з вялікай верай, данясе іх малітвы і патрэбы да Бога. А ўсё гэта, адзначаюць яны, дзякуючы намаганням іх пробашча, які імкнецца данесці Пана да кожнага парафіяніна.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі