2 мая ў Гродне прайшоў дзень засяроджання для духавенства і законных сясцёр, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Удзельнікі сустрэчы слухалі канферэнцыі, маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, мелі магчымасць прыступіць да споведзі.
Завяршылася сустрэча Эўхарыстыяй у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і на якой сабраліся шматлікія святары, свецкія вернікі, студэнты гродзенскай семінарыі.
Літургія адбылася напярэдадні імянінаў біскупа Аляксандра, і на ёй маліліся ў яго інтэнцыі. Акрамя таго, малітва ўзносілася ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле, у інтэнцыі сем’яў дыяцэзіі, за дзяцей, якія прыступаюць да Першай Камуніі, і моладзь, якая рыхтуецца да канфірмацыі.
У гаміліі біскуп-намінат Уладзімір Гуляй, прызначаны каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі, засяродзіў увагу на фрагменце Евангелля, прапанаваным для разважання ў гэты дзень.
“Мы былі абраны для радасці і любові. У гэтым свеце ў нас ёсць місія – паказаць, што значыць любіць бліжняга, любіць адзін аднаго”, – сказаў намінат.
Ён дадаў, што сённяшні час адзначаны пакутамі, незадаволенасцю, адчуваннем небяспекі і няўпэўненасці. “Аднак мы, хрысціяне, ведаем, што жыццё на гэтай зямлі – толькі пераходны этап, які набліжае нас да сапраўднага жыцця, у якім кожная сляза будзе выцерта і кожнае жаданне шчасця будзе цалкам рэалізавана”, – падкрэсліў біскуп-намінат.
Ён пажадаў кожнаму з прысутных быць перакананым у гэтым і адчуваць: “Езус мяне любіць”. Намінат заахвоціў усіх прабываць у Езусе, дадаўшы, што “тады ў небе мы будзем размаўляць аб плёнах гэтага”.
У канцы літургіі кс. канонік Генрых Яблонскі выказаў віншаванні біскупу Кашкевічу ад імя духавенства і законных сясцёр, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Ксёндз Дзяніс Крываносаў SAC, дарадчык у Гродзенскай дыяцэзіі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі, павіншаваў іерарха ад імя кансэкраваных асобаў. Біскупа павіншавалі таксама семінарысты і навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра ў Гродне.
Біскуп падзякаваў усім за прысутнасць, памяць і малітву. Іерарх дадаў, што нястомна дзякуе Богу за кожнага святара, законную сястру і верніка, якія разам утвараюць дыяцэзіяльную сям’ю.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандра Шчыглінская