Skip to main content

Рэкалекцыі для юнакоў прайшлі ў гродзенскай семінарыі

seminaris 1З 26 па 28 красавіка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для юнакоў.

Каб паразважаць пра пакліканне, а таксама бліжэй пазнаёміцца з семінарыстамі і стылем іх жыцця, на рэкалекцыях сабраліся юнакі з розных месцаў Беларусі.

Як адзначыў перад пачаткам сустрэчы духоўны айцец семінарыі кс. Ян Сарэла, “гэтыя дні павінны стаць часам большай засяроджанасці, каб кожны змог адарвацца ад сваіх клопатаў і акунуцца ў семінарыйнае асяроддзе”. Дні рэкалекцый былі напоўненыя малітвай, разважаннямі, удзельнікі праводзілі шмат часу разам.

seminaris 2

Духоўныя практыкаванні пачаліся супольнай малітвай і ўводзінамі ў іх тэму – “Літургія гадзін – малітва Касцёла”. Вечарам першага дня рэкалекцый юнакі змаглі ўбачыць, як у семінарыі праходзіць Камплета.

На наступны дзень удзельнікаў чакала канферэнцыя студэнта 6 курса Аляксандра Шыманскага, які ў хуткім часе скончыць семінарыю. Ён падзяліўся гісторыяй свайго паклікання і адказаў на пытанні наконт семінарыйнага жыцця.

seminaris 3

Наступным пунктам праграмы было наведванне гродзенскіх бернардынскага і катэдральнага касцёлаў. Юнакі даведаліся пра гісторыю гэтых святынь.

У апошні дзень рэкалекцый удзельнікі разважалі над словамі, якія гучаць у канцы святой Імшы: “Ідзіце ў супакоі Хрыста”. Скончыліся духоўныя практыкаванні Эўхарыстыяй у фарным касцёле.

Станіслаў Бервячонак, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Станіслаў Бервячонак