Skip to main content

У гродзенскай семінарыі адбыліся адарацыя і канцэрт

koncert seminaria 627 красавіка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і канцэрт семінарыйнага музычнага гурта “Ave”.

Гэты вечар быў непадобны на звычайныя суботы ў семінарыйнай супольнасці. Капліца навучальнай установы была поўная людзей, якія сабраліся для ўдзелу ў адарацыі. Гэта былі як семінарысты, так і не звязаныя з семінарыяй асобы – у большасці моладзь, як з Гродна, так і з яго ваколіц. Некаторыя прыбылі са сваімі душпастырамі.

Семінарысты падрыхтавалі для адарацыі разважанні на тэму паклікання, якія суправаджаліся песнямі. Таксама былі хвіліны цішыні для асабістай размовы з Богам.

koncert seminaria 3

Удзельнікі адзначаюць, што адчувалі ў сумеснай малітве адзінства і моц Касцёла. “Было вельмі прыемна! Гадзіна з Езусам прайшла ў імгненне вока”, – распавядаюць яны.

Некаторым запомнілася маладая сям’я, якая прыйшла на адарацыю з маленькім дзіцем. Размясціўшыся ў канцы капліцы, яны правялі ўвесь час адарацыі на каленях, і дзіця, як падалося, адчувала сябе ўтульна.

Пасля адарацыі ў зале Яна Паўла ІІ адбыўся канцэрт гурта “Ave”. Гледачы маглі спяваць разам з музыкантамі, праслаўляючы Бога, і нават танцаваць.

Семінарысты вельмі рады гэтай падзеі і ўдзячныя за яе Богу, кажучы, што такім чынам Ён адкрываецца ім як любячы Айцец.

Віталій Стасюкевіч, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Станіслаў Бервячонак