Skip to main content

Слова біскупа Аляксандра Кашкевіча да святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі

kashkevich 003Паважаныя браты ў святарстве,

Шаноўныя кансэкраваныя асобы,

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

З вялікай радасцю і ўдзячнасцю Пану Богу мы прынялі навіну аб тым, што сёння Святы Айцец Францішак прызначыў высокапаважанага ксяндза каноніка доктара Уладзіміра Гуляя біскупам-каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі.

Я перакананы, што ў асобе біскупа-наміната атрымаў руплівага і разважлівага супрацоўніка ў трайной пастырскай місіі навучання, кіравання і асвячэння Божага народу, а Касцёл на Гродзеншчыне ўзбагаціўся мудрым і адважным правадніком у веры, які шчыра клапоціцца пра духоўнае дабро даручаных яму вернікаў.

Як дыяцэзіяльная супольнасць скіроўваем словы ўдзячнасці і сыноўскай адданасці Святому Айцу Францішку, які, прызначыўшы біскупа-каад’ютара для Гродзенскай дыяцэзіі, адназначна і яскрава выразіў сваю айцоўскую любоў і клопат аб развіцці нашага мясцовага Касцёла.

Сардэчна віншуем біскупа-наміната, складаем яму выразы глыбокай удзячнасці за руплівае душпастырскае служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне да гэтага часу і за ўсё дабро, якое Пан Бог учыніў праз яго рукі.

Ужо сёння атачаем Яго Эксцэленцыю нашымі малітвамі, жадаем добра падрыхтавацца да прыняцця біскупскага пасвячэння, а таксама жадаем Божага благаслаўлення, святла Духа Святога, надзейнай апекі і матчынага заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, добрага здароўя, шмат духоўных і фізічных сіл, усялякіх ласкаў у служэнні Касцёлу на Гродзеншчыне на новай ганаровай пасадзе.

Няхай служэнне біскупа-наміната прынясе самыя шчодрыя плёны дабра для Гродзенскай дыяцэзіі і ўсяго Хрыстовага Касцёла.

Гродна, 5 красавіка 2024 г.

Aляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Тэкст для друку ТУТ>>>

Тэкст па-польску ТУТ>>>