23 сакавіка ў смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла, у якой служаць салезіяне, адбылася IV Аратарыяда – спартыўныя спаборніцтвы паміж салезіянскімі араторыямі Беларусі. Удзельнікі гэтых спаборніцтваў – вучні 5-7 класаў.
Пра гэта паведамляе sdb.by.
Cпартыўнае свята распачалося Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB. У казанні ён адзначыў, што ў кожным спаборніцтве ёсць тыя, хто перамагае, і тыя, хто знаходзіцца на апошнім месцы, але часта бывае, што ў барацьбе за перамогу мы не заўважаем іншых, кожнаму важны толькі ён сам і яго першае месца. Па словах святара, трэба імкнуцца, каб спаборніцтвы не раздзялялі, а аб’ядноўвалі, вучыцца радавацца і сваім перемогам, і перамогам іншых. Ксёндз Павел пажадаў, каб у салезіянскіх спаборніцтвах удзельнікі здабылі дух сяброўства і менавіта гэты дух быў лейтматывам дня.
Затым у араторыі пры парафіі пачаліся спаборніцтвы. Удзельнікаў прывітаў адказны за душпастырства моладзі кс. Алег Каралёў SDB, які пазнаёміў прысутных з рэгламентам Аратарыяды, прамовіў уступную малітву і пажадаў усім поспехаў.
Спачатку юныя спартоўцы спаборнічалі ў настольным футболе, настольным тэнісе, дартсе, скачках праз скакалку, шашках і just dance. Пасля абеду адбыўся інтэлектуальны конкурс, удзельнікі якога адказвалі на пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю святога Яна Боско. У канцы спаборніцтваў адбыліся дзве вялікія камандныя гульні, у якіх прымалі ўдзел па дзесяць чалавек з кожнага араторыя. Перамогу ў гульні “Два капітана” ва ўпартай барацьбе атрымала каманда з Мінска, а ў спартландыі, прадэманстраваўшы значныя валявыя якасці, перамагла Смаргонь.
Апошнім пунктам праграмы свята было ўручэнне ўзнагародаў. Ксёндз Алег Каралёў выказаў вялікую ўдзячнасць салезіянам са Смаргоні ксяндзам Артуру Ляшнеўскаму і Міхаілу Радзевічу за добра падрыхтаваную пляцоўку і ўсю лагістыку мерапрыемства, сёстрам салезіянкам, якія дбалі аб падрыхтоўцы каманд, офісу развіцця дэлегатуры і ўсёй вялікай камандзе арганізатараў, якія рухалі махавік Аратарыяды. Пасля кожны ўдзельнік, які дасягнуў п’едэстала, атрымаў медаль. Кульмінацыйным момантам стала ўздыманне кубка камандай-пераможцам, якой сёлета стала каманда смаргонскага араторыя – гаспадары пляцоўкі.
Свята завяршылася трыма “Вітай, Марыя”, традыцыйнымі для салезіянскай сям’і.