23 сакавіка ў парафіі св. Юды Тадэвуша ў Прывалцы (дэканат Гродна-Усход) адбылася святая Імша ў інтэнцыі ксяндза Яна Гавецкага, які адышоў у вечнасць месяц таму. Узначаліў Эўхарыстыю арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп нагадаў, што смерць ксяндза Яна адгукнулася вялікім болем у сэрцах шматлікіх вернікаў. Як дадаў ён, у паўнаце сіл святар нечакана памірае, пацвярджаючы гэтым лацінскую прыказку “Sacerdotis sors – improvissa mors” (“Лёс святара – нечаканая смерць”).
У гаміліі іерарх распавёў пра жыццёвы шлях спачылага, які паходзіў з францішканскай парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне, да якой у свой час належаў і арцыбіскуп Кандрусевіч. Яны маліліся ў адным і тым жа касцёле і там адчулі пакліканне да святарства.
Потым Божы Провід распарадзіўся так, што Ян Гавецкі служыў у войску ў Каўнасе, дзе была духоўная семінарыя, што паўплывала на яго святарскае пакліканне. Пасля завяршэння вайсковай службы ён паступіў у гэту семінарыю і стаў першым святаром, прэзбітэрскае пасвячэнне якому ўдзяліў сённяшні арцыбіскуп Кандрусевіч. Адбылося гэта 27 мая 1990 г. у гродзенскім фарным касцёле.
Пэўны час ксёндз Ян працаваў у Вілкавішскай дыяцэзіі ў Літве, затым быў пробашчам у Трабах і на працягу 25 гадоў у Іўі. Апошні час служыў у Прывалцы.
Па словах арцыбіскупа эмерыта, на святарскую долю кс. Гавецкага выпала нямала цярпенняў, якія ён пераносіў у духу пакоры, давяраючы сябе Божай волі.
Іерарх адзначыў, што ксёндз Ян упісаўся ў гісторыю адраджэння Касцёла на Беларусі як вельмі актыўны і крэатыўны пастыр, у тым ліку апякун моладзі, студэнтаў і дзяцей, сотні якіх летам прымалі ўдзел у “Канікулах з Богам” у іўеўскай парафіі.
Акрамя пастырскай і шматбаковай парафіяльнай дзейнасці, ён, як дадаў арцыбіскуп, арганізоўваў пілігрымкі ў розныя санктуарыі Беларусі і за мяжой. Яму належыць ідэя правядзення ў Іўі фестывалю калядных песень “Gloria in еxcelsis Deo”, які стаў “духоўным брэндам” парафіі. Ён не абыходзіў увагай бедных, аб чым сведчыць актыўная дзейнасць парафіяльнага таварыства “Карытас”, шмат увагі звяртаў на развіццё міжканфесійнага дыялогу.
Па словах арцыбіскупа, “адыход поўнага сіл святара азначае, што са сцэны пастырскай дзейнасці Гродзенскай дыяцэзіі і Касцёла на Беларусі сышоў яшчэ адзін слуга алтара”. “У той жа час колькасць пакліканняў памяншаецца, у сувязі з гэтым узнікае пытанне: хто яго заменіць?” – дадаў іерарх. Таму, падкрэсліў ён, успамін памерлага святара і малітва ў яго інтэнцыі – гэта таксама “акцыя паклікання да святарства і кансэкраванага жыцця”.
“Бог паклікаў ксяндза Яна да сябе падчас Вялікага посту, калі мы рыхтуемся да свята Пасхі. Усё яго святарскае жыццё – гэта падрыхтоўка людзей да духоўнага ўваскрасення праз пастырскую, пілігрымкавую і культурную дзейнасць”, – сказаў арцыбіскуп.
Іерарх завяршыў гамілію малітвай: “Міласэрны Божа, падобна таму, як Твой верны слуга ксёндз Ян у сваім святарскім жыцці вёў людзей да Цябе, так і Ты прымі яго ў сваё Валадарства”.
Пасля Імшы прысутны ў касцёле праваслаўны святар іерэй Дзмітрый Хямяляйнен, які служыць у Гожы, цёплым словам узгадаў свайго спачылага каталіцкага сабрата.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Баляслаў Гавецкі