У перыяд Вялікага посту ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбыліся некаторыя адметныя падзеі.
Кожны парафіянін меў магчымасць скарыстацца рознымі шляхамі для плённага перажывання саракадзённага перыяду посту. У якасці сродкаў, якія дапамагаюць адкінуць падман, двудушнасць, грэх і ўсё іншае, што засланяе Бога, стаць на дарогу праўды, адчыніць дзверы Пану, вернікам прапаноўваліся малітва, пост, міласціна, сцішэнне, пакаянне, разважанне над мукай Езуса Хрыста.
Таксама ў перыяд посту ў парафіі адбыліся рэкалекцыі, якія правёў кс. Андрэй Радзевіч. Яны садзейнічалі таму, каб парафіяне адважыліся ў цішыні малітвы зазірнуць у глыбіні сваіх душаў, паглядзець на сябе Божымі вачыма. Кожны вернік мог задумацца, што бачыць у ім Бог, адказаць сабе на пытанні, ці не страціў ён надзею, якая праяўляецца ў цярплівасці і пакоры, ці сапраўдная яго вера, ці прымае ён прысутнасць моцы Езуса ў сваім жыцці, ці дазваляе Яму праз веру дзейнічаць у сваім сэрцы
Падчас рэкалекцый парафіяне маглі засяродзіцца на наступных думках: што вера, якая знаходзіць любоў Бога ў прабітым сэрцы Езуса на крыжы, у сваю чаргу нараджае любоў; што Езус вучыць і паказвае прыкладам свайго жыцця, чым з’яўляецца сапраўдная любоў – “агапэ”, ахвярная, безумоўная любоў Бога да чалавека; што той, хто спазнаў Божую любоў, хто дазволіў любіць сябе, здольны перадаць гэтую любоў іншым, здольны любіць іншых.
Яшчэ адной падзеяй, якой адзначыўся перыяд посту ў гэтай парафіі, было павелічэнне супольнасці міністрантаў, што адбылося 17 сакавіка. Да шэрагаў літургічнай службы алтара далучыліся Павел Чарнеўскі, Аляксей і Аляксандр Галаўко. Стаўшы міністрантамі, быць якімі адрозненне, гонар і праяўленне гатоўнасці прыкладаць дадатковыя намаганні, каб служыць Богу і людзям, яны такім чынам вырушылі ў новае падарожжа, каб зрабіцца “новымі людзьмі ў Хрысце”.
Жанна Вераціла, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі