19 сакавіка ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні ўжо традыцыйна лічыцца “мужчынскім днём”. Святы Юзаф, урачыстасць якога адзначае Касцёл у гэты дзень, шануецца ў гэтай парафіяльнай супольнасці пад тытулам “sancte Ioseph, custos virorum” (“святы Юзаф, апякун мужчын”).
Мужчыны парафіі духоўна рыхтуюцца да свайго свята з дапамогай навэнны і адарацый для мужчын. Таксама на працягу года яны рэгулярна збіраюцца на разважанне над Святым Пісаннем метадам “Lectio Divina” і супольнае абмеркаванне жыццёвых спраў.
Ва ўрачыстасць свайго апекуна мужчыны чувалі на адарацыі, разважаючы над тэмай Божага бацькоўства. Пасля адарацыі адбылася святочная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. Артур Ляшнеўскі SDB. Гамілію прамовіў кс. Міхал Радзевіч SDB, які падкрэсліў: “Евангеллі паказваюць нам Юзафа маўклівым, але заўсёды прысутным у ключавыя моманты жыцця Марыі і Езуса. Хоць ён, здаецца, застаецца ў цяні, але, калі трэба, прымае пэўныя рашэнні. Юзаф уяўляе асобу, пра якую можна сказаць: “не словамі, а справамі”. Бо тое, што пацвярджае нашу сапраўднасць і вернасць каштоўнасцям, – гэта канкрэтны ўчынак, праз які я сведчу, кім з’яўляюся і хто або што для мяне важнае”.
У канцы Імшы святары індывідуальна благаслаўлялі кожнага мужчыну і хлопца, ускладаючы рукі на іх галовы. Пасля адбылася працэсія з фігурай св. Юзафа вакол касцёла. Пад гук званоў вернікі спявалі літанію да святога цесляра з Назарэта. Пасля працэсіі мужчыны парафіі, стоячы на каленях перад фігурай святога, прачыталі акт прысвячэння сябе св. Юзафу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі