З 14 па 17 сакавіка ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні і філіяльнай капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Залессі праходзіла аднаўленне святых місій. Духоўныя практыкаванні садзейнічалі ўмацаванню веры парафіян.
Правялі практыкаванні айцы аблаты Анджэй Юхневіч і Павел Лемех, якія служаць у санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебская дыяцэзія).
Рэнавацыя місій распачалася ўрачыстым увядзеннем місіянераў у парафію. Пробашч кс. Артур Ляшнеўскі SDB павітаў прапаведнікаў ля місійнага крыжа і благаславіў на дні пастырскага служэння ў парафіі.
Айцец Анджэй нагадаў вернікам: “Мінуў ужо год з таго часу, калі мы закончылі святыя місіі ў гэтай парафіі. Тады мы жадалі слухаць Божае слова і прымалі намаганне навяртацца. Аднак жа навяртанне – гэта не аднаразовая падзея, гэта працэс, які трывае праз усё жыццё. Бог чарговы раз дае нам у гэтыя дні магчымасць паяднання і аднаўлення. Няхай найбліжэйшыя дні будуць часам сустрэчы з Жывым Богам, які прыходзіць да нас у сваім слове і сакрамэнтах”.
Кожны з дзён духоўнага аднаўлення парафіі быў прысвечаны асобнай тэме. У першы дзень, які меў назву “Адроджаныя святым хростам”, вернікі аднавілі абяцанні хросту, каб нанова зблізіцца з Хрыстом. У другі дзень, пад назвай “Ачышчаныя пакутай і навернутыя да Бога”, парафіяне разважалі над сутнасцю пакаяння і ачышчэння ў споведзі. Кульмінацыяй гэтага пятнічнага дня быў пакаянны Крыжовы шлях вуліцамі Смаргоні, падчас якога людзі неслі ад стацыі да стацыі вялікі драўляны крыж. У трэці дзень, назва якога была “Высланыя ў хатні Касцёл”, прапаноўвалася бліжэй пазнаёміцца з постаццю Панны Марыі – Жанчыны Эўхарыстыі. Вечарам гэтага дня на святой Імшы ўсе сямейныя пары парафіі аднавілі сужэнскія абяцанні. Апошні дзень духоўных практыкаванняў меў назву “Высланыя ў штодзённасць, каб даваць радаснае сведчанне веры”. У гэты дзень місіянеры заклікалі парафіян радасна сведчыць іншым пра тое, што перажываюць у касцёле.
Завяршэннем рэнавацыі місій сталася набажэнства Песняў жальбы, падчас якога айцец Анджэй прамовіў пасійнае казанне, засяроджваючы ўвагу слухачоў на святым крыжы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі