З 15 па 17 сакавіка ў парафіі св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) прайшлі велікапосныя рэкалекцыі.
Па запрашэнні пробашча парафіі кс. Аляксандра Лебядзевіча да вернікаў звярнуўся з разважаннямі на тэму посту, малітвы і міласціны кс. Павел Безляповіч, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве (Ваўкавыскі дэканат).
На працягу трох дзён у касцёле ў Суботніках і капліцы Хрыста Валадара Сусвету і Маці Божай Фацімскай у Жамыслаўлі збіралася многа парафіян, каб падрыхтаваць свае сэрцы да галоўнай у літургічным годзе ўрачыстасці.
У першы дзень рэкалекцый святар звярнуў увагу на тое, што, хоць многія вернікі ўжо шмат разоў удзельнічалі ў рэкалекцыях, святкавалі Вялікдзень і чулі адны і тыя ж словы Евангелля – а таму могуць вырашыць, што ўсё ведаюць і хадзіць у касцёл ім не трэба, – кожнаму варта спытаць сябе: ці ўдалося мне выканаць мае пастановы, ці змянілася маё жыццё ў лепшы бок?
Таксама святар нагадаў, што Бог ніколі не пакідае сваё стварэнне, кліча чалавека, як клікаў у раі, – толькі трэба выйсці Яму насустрач, хоць у сённяшнім свеце чалавек часта ставіць сябе на Яго месца і наракае, кажучы: “Бог, дзе Ты?!”
У другі дзень рэкалекцый ксёндз Павел закрануў тэму малітвы, адзначыўшы, што гэта дыялог чалавека з Богам, хоць часта бывае, што чалавек дыктуе Богу сваю волю. Святар засяродзіў увагу на якасці малітвы, прапанаваўшы вернікам падумаць, імкнуцца яны хутчэй прамовіць малітву ці сапраўды размаўляюць з Панам, а таксама нагадаўшы пра важнасць умення слухаць тое, што Бог адказвае. Святар адзначыў і тое, як важна звяртацца да Бога не толькі калі нам штосьці патрэбна, але і калі ўсё атрымліваецца як найлепш, прасіць параду, як захаваць гэты дабрабыт.
На прыкладах з жыцця ксёндз Павел патлумачыў, што значыць прабачэнне, як важна прабачаць усім, хто нас пакрыўдзіў, каб Бог змог прабачыць і дапамагчы нам.
Другі дзень рэкалекцый быў таксама днём споведзі. У парафію прыехалі святары дэканату, дзякуючы паслузе якіх вернікі маглі прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Трэці дзень быў прысвечаны тэме міласціны. Рэкалекцыяніст папрасіў вернікаў прыпомніць, ці давалі яны міласціну хоць раз і ці атрымлівалі яе самі. Святар казаў пра тое, што часта бываюць выпадкі, калі мы не лічым, што атрымалі ад кагосьці міласціну, дар, а міласцінай з’яўляюцца не толькі грошы, але ў першую чаргу прысвечаны чалавеку час, добрае слова, падтрымка, размова, усмешка, пабожнасць, адказнасць, шчырасць, культура.
Святар адзначыў, што Бог таксама дае нам міласціну з усяго сэрца: міласціну Свайго слова, міласціну прабачэння грахоў, благаслаўлення, абароны перад нядобрымі момантамі ў жыцці, бо самі людзі ў гэтых справах бедныя. Рэкалекцыяніст патлумачыў, што ў малітвах мы просім у Бога не што іншае, як міласціну, і Ён аказвае нам яе, каб мы маглі падзяліцца ёю з іншымі.
Падсумоўваючы разважанні, ксёндз Павел пажадаў, каб кожны з прысутных вернікаў імкнуўся да дасканалага спаўнення посту, малітвы і міласціны не толькі ў гэты Вялікі пост, але і заўсёды, памятаючы, што гэтым мы зарабляем сабе на вечнасць.
На завяршэнне рэкалекцый пробашч парафіі і вернікі падзякавалі ксяндзу Паўлу за мудрыя словы навукі і малітву з імі на працягу гэтых трох дзён, а той павіншаваў прысутных з Вялікаднем, які хутка будзе адзначацца, і запрасіў наведаць касцёл у Мсцібаве.
Людміла Пясецкая, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі