Перыяд Вялікага посту для лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) адзначаны радаснымі падзеямі.
10 сакавіка, у чацвёртую нядзелю Вялікага посту (Нядзеля радасці), парафія стала багацей на дзесяць міністрантаў.
Хлопчыкі, якія далучыліся да шэрагаў літургічнай службы алтара, рыхтаваліся да гэтага доўгі час пад кіраўніцтвам старэйшага міністранта.
Прыняцце ў міністранты адбылося на святой Імшы для моладзі, якую цэлебраваў вікарый парафіі кс. Дзмітрый Малец. Святар складаў на гэтай Эўхарыстыі падзяку Богу за ласку з’яўлення новых міністрантаў у парафіяльнай супольнасці.
У гаміліі святар звярнуўся да новых міністрантаў словамі Яна Паўла ІІ: “Вашае служэнне каля алтара – гэта не толькі абавязак, але і вялікі гонар, сапраўднае святое служэнне”.
У канцы Імшы пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй павіншаваў хлопчыкаў, даў ім парады, настаўленні і благаславіў.
Парафіяльная супольнасць цешыцца гэтай падзеі і дзякуе Пану за яе.
Дзіяна Бранчэль, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Вікторыя Мікавоз