З 8 па 10 сакавіка ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваельні (Дзятлаўскі дэканат) адбыліся велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў а. Алег Вайцяховіч OFMCap.
Рэкалекцыі ў гэтай парафіі праходзяць у перыяд Вялікага посту ўжо каторы год, і айцец Алег наведваў вернікаў Наваельні неаднойчы. Такія рэкалекцыі з’яўляюцца асаблівым часам для духоўных разважанняў і паглыблення веры.
На сустрэчах з парафіянамі айцец Алег распавёў пра аздараўленне праз сакрамэнт пакаяння. Вернікі мелі магчымасць узгадаць пра тое, што Вялікі пост – час разважання над грахамі і тым, што можа аддаляць чалавека ад Бога, а таксама што прабачэнне за грахі можна атрымаць у сакрамэнце пакаяння. Святар падрабязна распавёў пра пяць умоў добрай споведзі, каб парафіяне змаглі годна падрыхтавацца да яе і з чыстым сэрцам і сумленнем прыйсці да свята Вялікадня.
Казанні святара слухалі не толькі дарослыя, але таксама дзеці і моладзь парафіі. Па словах вернікаў, рэкалекцыі былі вельмі плённымі, пакінулі ў іх сэрцах цёплыя ўспаміны і садзейнічалі таму, каб іх любоў да нябеснага Айца стала яшчэ большай.
У канцы духоўных практыкаванняў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB падзякаваў рэкалекцыяністу за прыняцце запрашэння наведаць вернікаў Наваельні, за Божае слова і глыбокія разважанні. Парафіяльная супольнасць жадае а. Алегу Вайцяховічу поспехаў у святарскім служэнні і абяцае памятаць яго ў малітве.
Ірына Разанава, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі