Калі ў Касцёле праходзіць Вялікі пост, вернікі звяртаюць асаблівую ўвагу на пакуты Хрыста. У гэты перыяд у іх сэрцах прабывае вобраз Езуса: задуменнага, стомленага мукай, у аковах і з цярновым вянком на галаве. Так выглядае і цудадзейная фігура Езуса Журботнага, якая знаходзіцца ў Росі і з кожным годам прыцягвае ўсё больш людзей.
Не сталі выключэннем і настаўнікі парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка). У нядзелю 3 сакавіка яны пад кіраўніцтвам пробашча кс. каноніка Паўла Салабуды накіраваліся ў дыяцэзіяльны санктуарый Пана Езуса Журботнага, размешчаны ў Росі. Удзельнікі паездкі мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння, а таксама разам памаліцца каля алтара, дзе ўсталявана старажытная фігура Езуса Журботнага.
Пасля святой Імшы пробашч парафіі ў Росі і кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч правёў канферэнцыю. Гэта была першая сустрэча ў мясцовым рэкалекцыйным доме, спецыяльна арганізаваная, каб настаўнікі і выхаваўцы маглі пашырыць свае веды.
Кампактная падача інфармацыі на канферэнцыі дазволіла закрануць самыя розныя тэмы: ад гісторыі парафіі да глыбокіх пытанняў хрысціянскай веры. Галоўнае месца займалі разважанні аб тым, што вядзе да сапраўднага шчаслівага духоўнага жыцця. “Першы ключ, які адчыняе дзверы да духоўнага шчасця, – гэта сакрамэнт прымірэння з Богам”, – адзначыў кусташ санктуарыя. Успомнілі і пра ўмовы добрай споведзі. Ксёндз Чэслаў закрануў тэму ўзаемнасці ў адносінах людзей, умення чуць і слухаць іншых. Пагаварылі аб важнасці прабачэння. Карысна было задумацца над стаўленнем да таго, як трапляюць у аковы граху. Была магчымасць задаць пытанні і атрымаць адказы.
У канцы мерапрыемства ксяндзу Чэславу было выказана шмат цёплых слоў падзякі.
Каб пашыраць свае веды адносна хрысціянскай веры і развівацца духоўна, настаўнікі запрашаюцца на сустрэчы, якія праходзяць у апошнюю нядзелю месяца пад кіраўніцтвам кс. Паўла Салабуды. Далучыцца можна ў любы час.
Алена Запаснік