Skip to main content

Фотафакт: Папяльцовая серада ў гродзенскай катэдры з удзелам біскупа Кашкевіча

papelec 19Папяльцовай серадой 14 лютага пачаўся чарговы Вялікі пост. Для хрысціян гэта час пакаяння, калі Касцёл заклікае асабліва практыкаваць учынкі, якія служаць навяртанню сэрцаў.

У гэты дзень біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

На пачатку Эўхарыстыі іерарх адзначыў, што мы ўваходзім у чарговы перыяд Вялікага посту, які са сваёй дабрыні дае Пан Бог.

papelec 3

Біскуп падкрэсліў, што ў першы дзень гэтага літургічнага перыяду, які заўсёды пачынаецца з абраду пасыпання галоваў попелам, асабліва важна задумацца над тым, што, паводле слоў, якія суправаджаюць гэты абрад, “мы прах і ў прах вернемся”, і над тым, што мы пакліканы да навяртання.

На гэтай Імшы, у якой удзельнічалі шматлікія гродзенскія парафіяне і студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, біскуп і іншыя святары пасыпалі галовы вернікаў попелам у знак закліку да пакаяння і навяртання. Абрад кажа пра тое, што ўсё матэрыяльнае і часовае праходзіць, а Бог з’яўляецца вечным, Ён адарыў людзей несмяротнай душой і абяцаў вечнае шчасце ў небе.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Станіслаў Бервячонак