Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта распачала духоўную падрыхтоўку да юбілею 150-годдзя з часу заснавання гэтай манаскай супольнасці, які будзе адзначацца ў І нядзелю Адвэнту 2025 года.
На працягу студзеня сёстры назарэтанкі, якія ўваходзяць у беларускую Правінцыю благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка, разважалі над адным з аспектаў сваёй духоўнасці – асаблівай сувяззю з Касцёлам і Святым Айцом.
Заснавальніца супольнасці назарэтанак бл. Марыя ад Пана Езуса Добрага Пастыра (Францішка Сядліская), маючы шырока адкрытае сэрца, бесперапынна запальвала кангрэгацыю, якая толькі пачынала сваё існаванне, вялікай любоўю да Касцёла.
Сённяшнія назарэтанкі, як яе духоўныя дочкі, таксама хочуць выказваць любоў да Касцёла праз актыўны ўдзел у яго дзейнасці. Яны заўсёды падзяляюць з дыяцэзіяльным Касцёлам радасныя і сумныя хвіліны яго жыцця, яго надзеі, штодзённа моляцца за Святога Айца Францішка, біскупаў і астатняе духавенства.
Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта – міжнародная апостальская супольнасць, заснаваная ў 1875 г. Сёстры назарэтанкі служаць у 140 мясцовых супольнасцях у 14 краінах пяці частак свету. Генеральны дом назарэтанак знаходзіцца ў Рыме. Іх наймалодшыя місіянерскія пляцоўкі знаходзяцца ў Гане (Афрыка) і Іспаніі.
Назарэтанкі пакліканы пашыраць Валадарства Божай любові ў сваёй супольнасці і сярод іншых людзей шляхам наследавання Езуса, Марыі і Юзафа, жыццё якіх было сканцэнтравана на любові да Бога і адзін да аднаго. Назарэтанкі даюць сведчанне гэтай любові, цалкам прысвяціўшы сябе служэнню Касцёлу, асабліва місіі адносна сем’яў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Віталій Шмурай