Skip to main content

Першага пустэльніка, святога Паўла, ушанавалі айцы паўліны ў Карэлічах

korelicze 115 студзеня ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Навагрудскі дэканат) адбылася ўрачыстасць нябеснага апекуна айцоў паўлінаў, якія служаць у гэтай супольнасці, – святога Паўла, Першага пустэльніка, Патрыярха Ордэну паўлінаў.

Свайго нябеснага заступніка, у гонар якога атрымалі назву, айцы паўліны ўшаноўваюць у гэты дзень у сваіх кляштарах ва ўсім свеце.

Як паведамляе pauliny.by, сёлетняя ўрачыстасць стала завяршэннем юбілею 30-годдзя служэння Ордэну паўлінаў на Беларусі.

На свята прыбылі госці з парафіі св. Ганны ў Варончы і духавенства суседніх парафіі. Эўхарыстыю ўзначаліў а. Ежы Саковіч OSPPE, пробашч парафіі ў Карэлічах і настаяцель мясцовай супольнасці паўлінаў.

korelicze 9

Дэкан Навагрудскага дэканату кс. Ян Балтрукевіч, рэктар навагрудскай Фары, у гаміліі засяродзіў увагу на асобе св. Паўла з егіпецкіх Фіваў, Першага пустэльніка, як ключавой постаці ў развіцці духоўнасці паўлінаў.

Ксёндз Ян таксама ўзгадаў ураджэнца Навагрудчыны бр. Макарыя Штыфтоўскага OSPPE (1671-1740), які, будучы манахам яснагорскага кляштара і валодаючы ювелірным майстэрствам, каля 1723 г. ахвяраваў навагрудскаму фарнаму касцёлу абраз Маці Божай Чэнстахоўскай.

Пасля Імшы прысутныя па традыцыі атрымалі хлеб святога Паўла і пачаставаліся фігамі і фінікамі на ўспамін таго, як ён харчаваўся ў пустыні хлебам і дарамі пальмы на працягу 90 гадоў.