Skip to main content

Калядная сустрэча моладзі лідскай Фары прайшла ў Навагрудку

moladz lida 1З 3 па 5 студзеня ў Навагрудку адбылася калядная сустрэча маладых людзей з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара).

Гэтая паездка, якая праходзіла ў час святаў, калі часта людзі забываюцца спыніцца і сцішыцца ў святочнай мітусні, стала для ўдзельнікаў магчымасцю добрага адпачынку і падрыхтоўкі да таго новага, што прыносіць новы год.

Разам з моладдзю ў паездцы былі вікарый лідскай парафіі кс. Дзмітрый Малец і семінарыст Віталій.

У межах сустрэчы быў час не толькі для адпачынку, але і для духоўнага развіцця. Галоўнай часткай кожнага дня была святая Імша, таксама адбываліся малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці і малітва Ружанца. Адзін з вечароў быў прысвечаны адарацыі, дыялогу з Богам сам-насам у цішыні сэрца. Заўсёды была магчымасць споведзі.

Праграма сустрэчы была насычанай. У першы дзень удзельнікі правялі “італьянскі вечар”, гатуючы піцу. Маладыя людзі пабывалі на цікавай экскурсіі ў мясцовым касцёле, гулялі ў валейбол, проста былі разам. Самае прыемнае ўражанне пакінулі размовы за кубкам гарбаты, настольныя гульні, сумесныя песні і танцы.

Усе гэтыя моманты дапамагалі стварыць у моладзевай супольнасці сямейную атмасферу.

Дзіяна Бранчэль, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вікторыя Мікавоз, Елізавета Бобрык, кс. Дзмітрый Малец