У капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася святая Імша ў інтэнцыі Папы Бэнэдыкта XVI з нагоды першай гадавіны яго смерці.
На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў рэктар семінарыі кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі, сабраліся студэнты і мадэратары гэтай навучальнай установы.
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI адышоў у вечнасць 31 снежня 2022 г. на 96-м годзе жыцця. На папскім пасадзе ён знаходзіўся з 19 красавіка 2005 па 28 лютага 2013 г.
Кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў 265-м Папам, узяўшы імя Бэнэдыкт XVI і тым самым узгадаўшы пра “Папу міру” Бэнэдыкта XV, а таксама пра св. Бэнэдыкта з Нурсіі – апекуна Еўропы і заснавальніка ордэну бэнэдыктынаў. На пасадзе святога Пятра ён стаў першым немцам з часоў Віктара ІІ (1055-1057).
Апошнія гады жыцця Папа эмерыт правёў у кляштары Mater Ecclesiæ на тэрыторыі Ватыкана, дзе ў цішыні і адасобленасці падтрымліваў малітвай святы Касцёл і свайго наступніка Папу Францішка.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак