З 3 па 5 студзеня ў Парэччы прайшла калядная сустрэча моладзі гродзенскай парафіі Святога Духа.
Група юнакоў і дзяўчат выехала на тры дні за горад, каб адпачыць ад святочнай мітусні і правесці час з карысцю для душы і цела. Нагодай было тое, што перыяд зімовых канікул напоўнены святочнай атмасферай урачыстасці Божага Нараджэння, сустрэчы з блізкімі і сябрамі. Добраму настрою ўдзельнікаў паездкі паспрыяла сапраўды казачнае зімовае надвор’е.
Сустрэча мела духоўна-забаўляльны характар. У праграме дня былі малітва Ютрані і Нешпараў, канферэнцыі, супольныя дыскусіі, дзяленне Божым Словам і малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці. Галоўным момантам кожнага дня была Эўхарыстыя. Кожны ўдзельнік на пачатку сустрэчы атрымаў свайго “патаемнага сябра”, за якога павінен быў маліцца на працягу трох дзён, а ў канцы падараваць яму сімвалічны падарунак.
Разам з духоўнай часткай у праграме былі забава і адпачынак. Настольныя гульні, размовы за кубкам гарбаты, шпацыр па зімовай прыродзе з магчымасцю зрабіць фота на памяць – усё гэта спрыяла духу адзінства паміж удзельнікамі і стала добрай духоўнай зарадкай перад тым, як распачаць вучобу і прыступіць да сваіх абавязкаў.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі