Skip to main content

Сем’і атрымалі падарункі ў межах святочнай акцыі ў лідскай Фары

lida 6Напярэдадні святаў Божага Нараджэння ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) адбылася акцыя “Падары радасць на Каляды”. Вернікі парафіі прымаюць удзел у гэтай акцыі ўжо некалькі гадоў запар.

На працягу ўсяго Адвэнту парафіяне збіралі ўсё неабходнае для святочных падарункаў шматдзетным сем’ям і сем’ям, якія знаходзяцца ў найбольшай патрэбе, – вопратку, прадукты харчавання, цацкі для дзяцей.

Пасля ўрачыстасці Нараджэння Пана моладзь разам з вікарыем парафіі ксяндзом Дзмітрыем Мальцам, семінарыстам Віталіем і святым Мікалаем развозілі падарункі. Святочныя пасылкі атрымалі больш за 25 сем’яў.

Уручаючы падарункі, прадстаўнікі парафіі дзяліліся святочнай радасцю. Сем’і з задавальненнем далучаліся да спеву калядак і выказвалі цёплыя словы падзякі ўсім, хто ўдзельнічаў у акцыі.

Дзіяна Бранчэль, прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вікторыя Мікавоз, Елізавета Бобрык