Дарагія чытачы, наведвальнікі нашага інтэрнэт-партала Гродзенскай дыяцэзіі, нашы сябры!
Канец года заўсёды нагадвае нам, што час – вялікі дар Пана Бога. Але мы ўсведамляем, што час хутка праходзіць, бяжыць з сённяшняга дня ў будучыню. Поспехі пройдуць, прыбыткі пацьмянеюць, застанецца тое, што Божае і трывалае. Мінулы час ужо нам не належыць, ідзе ў змрок гісторыі.
Дзякуючы Пану Богу за гэты чарговы год жыцця і нашага служэння Касцёлу на Гродзеншчыне, мы хочам таксама дзякаваць Яму за кожнага чалавека, які дапамагае нам у евангелізацыі праз сродкі масавай інфармацыі. Кожны сустрэты і кожны, хто разам з намі стварае нашы дыяцэзіяльныя мас-медыя, з’яўляецца для нас вялікім дарам.
Дзякуем усім нашым аўтарам і чытачам – духоўным асобам і шматлікім свецкім валанцёрам, якія бескарысліва дасылалі нам свае тэксты, разважанні, цікавыя здымкі і прапановы, – за тое дабро, якое мы маглі разам стварыць, ідучы дарогай веры.
Карыстаючыся нагодай, хочам усіх вас заахвоціць да далейшага супрацоўніцтва! Будзьце разам з намі ў новым 2024 годзе! Разлічваем на ваш прафесіяналізм і кампетэнтнасць.
Дарагія сябры!
Можа, перш чым пачнём з усім светам вітаць новы 2024 год у ззянні феерверкаў, затрымаемся ля ясляў Хрыста, які нарадзіўся сярод нас як пакорнае і безабароннае дзіця.
Глыбока веру, што, схіліўшыся з пакорай перад бэтлеемскай стаенкай, мы адкрыем, што з’яўляецца найважнейшым у годзе, які надыходзіць, і адчуем, што Пан увалье ў нашы сэрцы праўдзівы супакой на будучыя дні. Гэтага мы жадаем таксама адзін аднаму, выказваючы ўзаемныя навагоднія віншаванні.
Шчаслівага новага 2024 года!
Ад імя супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі
кс. канонік Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі