Skip to main content

Вынікі года Касцёла на Гродзеншчыне

zyczenia 3Kаляндарны год, які падыходзіць да заканчэння, заўсёды з’яўляецца нагодай зрабіць падсумаванне таго, што ўдалося здзейсніць на працягу гэтых 365 дзён. Канец года – заўсёды таксама нагода падзякаваць Пану Богу за ўсё тое дабро, якое мы атрымалі. А ў нас, безумоўна, ёсць за што дзякаваць!

Мы перажылі столькі радасных хвілін і момантаў. Столькі дабра атрымала кожная сям’я i кожны з нас.

Каталіцкі Касцёл на Гродзеншчыне таксама мае шмат прычын для радасці і ўдзячнасці Богу. Гэта быў год насычаных падзей, юбілеяў, сустрэч і рэалізацыі шматлікіх душпастырскіх праектаў, якія назаўсёды ўпісаліся ў гісторыю мясцовага Касцёла.

Дзякуючы Пану за ўсе гэтыя падзеі, хочам нагадаць некаторыя з іх i яшчэ раз вярнуцца да гэтых радасных хвілін.

Залаты юбілей найстарэйшай назарэтанкі

nazaretanka jubileusz

7 студзеня ў доме Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Гродне адзначыла юбілей 50-годдзя манаскага жыцця сястра Тэрэза Касінская.

30 студзеня 1973 г. яна адказала Богу “так” на Яго заклік, просячы ўладу Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак прыняць яе ў гэтую супольнасць.

Асвячэнне двух алтароў у Канвелішках

konwieliszki oltarze

15 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Канвелішках (Радунскі дэканат), дзе здзейсніў асвячэнне двух новых алтароў.

Адзін з іх прысвечаны св. Ганне, маці Найсвяцейшай Панны Марыі, другі – св. Мікалаю, біскупу, які шмат гадоў з’яўляецца апекуном гэтай парафіяльнай супольнасці.

Канфірмацыя ў Лідзе, якую нунцый удзяліў першы раз

nuncjusz lida

16 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч наведаў Ліду. У парафіі Божай Міласэрнасці на адпустовай урачыстасці ён удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

“Для мяне гэта першы раз, калі я як біскуп удзяляю канфірмацыю, і я шчаслівы, што гэта адбываецца тут, у Лідзе”, – адзначыў іерарх.

Асвячэнне фундамента будучага касцёла ў Абухаве

obuchowo kamien

22 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў фундамент будучага касцёла благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі ў Абухаве недалёка ад Гродна (дэканат Гродна-Усход).

Таксама іерарх асвяціў і ўмураваў у фундамент два вуглавых каменя, прывезеныя з радзімы апекуна парафіі бл. Міхала Сапоцькі – вёскі Навасады Валожынскага раёна: адзін – з дома, дзе ён нарадзіўся, другі – з прыступак касцёла, дзе ён быў ахрышчаны.

Асвячэнне касцёла ў Юбілейным

Jubilejny poswiecenie

27 чэрвеня, у літургічны ўспамін Маці Божай Нястомнай Дапамогі, адбылося асвячэнне касцёла пад гэтым тытулам у аграгарадку Юбілейны (Мастоўскі дэканат).

Парафіяльная супольнасць налічвае каля 200 вернікаў.

Адраджэнне пілігрымкі Гродна-Тракелі

piigrimka w trokeli 91

Пасля трох гадоў перапынку ў 25-ы раз вырушыла пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).

У шлях да Маці Божай адправіліся больш за 200 вернікаў, найстарэйшы – ва ўзросце 77 гадоў.

Спецвыпуск газеты “Слова Жыцця”

slowo zycia

На дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў Тракелях быў выдадзены спецвыпуск газеты Гродзенскай дыяцэзіі “Слова Жыцця”.

Выпуск быў цалкам прысвечаны санктуарыю Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. Газету можна было набыць ва ўсіх парафіях дыяцэзіі і на ўрачыстасцях у Тракелях.

80-годдзе мучанікаў ІІ Сусветнай вайны

jubilej naumowicze 71

15 ліпеня на фартах у Навумавічах каля Гродна адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 80-й гадавіне мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў Другой сусветнай вайны.

У канцы ліпеня 80-годдзе з часу мучаніцкай смерці манахінь Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта адзначылі ў Батароўскім лесе пад Навагрудкам.

Асвячэнне капліцы XVIII стагоддзя на Навагрудчыне

nesytycz kaplica poswiecenie

16 верасня ў вёсцы Несутычы Навагрудскага раёна была ўрачыста адчынена і асвячана капліца Святога Крыжа.

Прыдарожная капліца пабудавана ў XVIII стагоддзі ў стылі барока.

100-гадовы юбілей парафіi у Першамайску

pervomajsk 5

24 верасня ў аграгарадку Першамайск (Шчучынскі дэканат) 100-годдзе адзначыла парафія Узвышэння Святога Крыжа.

У савецкія часы касцёл быў зачынены, на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя распачалося адраджэнне парафіяльнага жыцця і аднаўленне святыні.

Сімпозіум аб ролі свецкіх людзей у Касцёле

simpozium 2

30 верасня ў Гродне адбыўся сімпозіум, прысвечаны пастырскаму году свецкіх, які па рашэнні епіскапату праходзіць сёлета ў Касцёле на Беларусі, і Сіноду біскупаў на тэму сінадальнасці.

Сімпозіум, ініцыятарам якога быў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, прайшоў у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі.

Юбілей у санктуарыі ў Барунах

baryny 32

14 кастрычніка ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) адбылася ўрачыстасць Маці Божай Барунскай, якая ўшаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы Засмучаных.

Урачыстасць была юбілейнай, паколькі адзначалася 330-годдзе з часу прызнання абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным. У кастрычніку 2024 г. адбудзецца ўкаранаванне абраза.

Асвячэнне капліцы ў Дворышчы

kaplica dworycza 1

21 кастрычніка на могілках у Дворышчы адбылося ўрачыстае асвячэнне капліцы Маці Божай Ружанцовай, якая належыць парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Радунскі дэканат).

Капліца была пабудавана ў 1990-я гады мясцовым калгасам. Узведзены былі толькі сцены, унутраныя работы не вяліся. У такім стане капліца заставалася да 2019 г., калі была перададзена Лідскім райвыканкамам парафіі ў Тракелях.

Юбілей піярскай парафіі ў Лідзе

lida pijarzy jubileusz parafii

25 лістапада ў Лідзе адбыліся ўрачыстасці з нагоды 25-гадовага юбілею парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У касцёле св. Юзафа Каласанса, заснавальніка супольнасці айцоў піяраў, якія служаць у гэтай парафіі, сабраліся шматлікія мясцовыя вернікі і госці.

 

Гэта толькі некаторыя важныя падзеі, якія мелі месца ў Касцёле на Гродзешчыне ў 2023 г. Было і шмат іншых падзей, якія, безумоўна, упісаліся ў гісторыю дыяцэзіі і прынеслі плён узрастання веры ў сэрцах людзей.
Няхай будзе падзяка Богу за ўсё дабро, якое атрымаў наш Касцёл і нашы вернікі! Няхай будзе падзяка Яму за ўсё, што атрымаў кожны з нас!

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі