26 снежня, у свята св. Стэфана, дыякана і першамучаніка, у гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай прайшла аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў пешай пілігрымкі з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі.
Сустрэча, на якой сабраліся пілігрымы з Гродна і наваколля, пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў кіраўнік пілігрымкі ксёндз канонік Юрый Марціновіч.
На Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто ўдзельнічаў у сёлетняй пілігрымцы, якая праходзіць летам, і за тых, хто падтрымаў яе матэрыяльна.
У гаміліі ксёндз Юрый, кажучы пра св. Стэфана, які, абараняючы веру, аддаў жыццё за Хрыста і для Яго, падкрэсліў, што гэты святы натхняе даваць сведчанне штодзённым жыццём.
“Калі ты прыйшоў да бэтлеемскай стаенкі, каб пакланіцца маленькаму Езусу, будзь гатовы да таго, каб аддаць жыццё за Яго. Такое наступства выбару Хрыста, выступлення на баку Хрыста”, – дадаў святар.
У другой частцы сустрэчы ўдзельнікі падзяліліся аплаткамі, выказваючы адзін аднаму святочныя віншаванні. Завяршылася сустрэча гарбатай і спяваннем калядак.
Гэта была добрая нагода ўспомніць не толькі пілігрымку, але таксама прыгожыя традыцыі і звычаі, звязаныя з Божым Нараджэннем, вынесеныя з роднага дома.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч