Skip to main content

Аплаткай падзяліліся маладыя вернікі гродзенскай парафіі Святога Духа

alszankaoplatek 8На апошнім тыдні перад урачыстасцю Божага Нараджэння маладыя вернікі гродзенскай парафіі Святога Духа, якія рыхтуюцца да сакрамэнту канфірмацыі, сабраліся на аплаткавай сустрэчы.

Дзяленне аплаткай – неад’емная частка традыцыі святкавання Нараджэння Езуса Хрыста. Абрад дзялення аплаткай злучаны са складаннем узаемных віншаванняў і з’яўляецца выразам дабрыні і адкрытасці.

Сутнасць гэтага абраду засноўваецца на крыніцы і цэнтры хрысціянскага жыцця – Эўхарыстыі, якая яшчэ называецца “ламаннем хлеба”. Над гэтым сімвалізмам і параўнаннем удзельнікі сустрэчы разважалі на яе пачатку. Таксама маладыя людзі ўзгадалі, што прыняцце святой Камуніі чыніць з тых, хто да яе прыступае, супольнасць веры, і гэтую супольнасць людзі выносяць па-за сцены касцёла ў штодзённае жыццё, будуючы Містычнае Цела Хрыста ў сем’ях і іншых асяроддзях.

Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы паразважалі над урыўкам Евангелля, які апісвае момант Нараджэння Хрыста, памаліліся за сваіх родных, блізкіх, сяброў, усіх, хто знаходзіцца ў патрэбе, і ўсіх, хто не дачакаўся радасных святаў, адышоўшы ў вечнасць. Сімвалам еднасці прысутных сталі малітва “Ойча наш” і дзяленне аплаткай, спалучанае са складаннем віншаванняў.

 

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі