Skip to main content

Эўхарыстычная адарацыя перад Божым Нараджэннем прайшла ў гродзенскай парафіі Святога Духа

alszanka czuwanie 316 снежня ў гродзенскай парафіі Святога Духа адбылася Эўхарыстычная адарацыя ў духу адвэнтавага чування.

Група парафіяльнай моладзі падрыхтавала спецыяльныя разважанні, якія закраналі адвэнтавую тэматыку. Асаблівая ўвага была звернута на чуванне разам з Маці Божай перад прыйсцем Збаўцы, спалучанае з просьбамі аб навяртанні і падзякай за “вялікія рэчы”, якія Усемагутны Бог чыніў для Панны Марыі і чыніць у жыцці кожнага чалавека.

alszanka czuwanie 1

Малітва адбывалася амаль у поўнай цемры. Гэта было напамінам, як паводле Евангелля мудрыя панны са светачамі чакалі прыйсця маладога Пана, які сваёй прысутнасцю асветліць змрок і прынясе сапраўднае святло ўсяму свету.

Разважаючы над таямніцай Уцелаўлення Божага Сына, прысутныя заклікалі, каб Пан прыйшоў у жыццё людзей, у сем’і, у нашу Айчыну і ў сэрца кожнага чалавека, каб там пасяліліся супакой, радасць, дух ахвярнасці і прабачэння.

alszanka czuwanie 2

Чуванне закончылася хвілінай цішыні, калі кожны мог у духу даверу і пакоры прадставіць Пану, які прыходзіць, свае жаданні і прагненні. Пасля было ўдзелена благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам і прагучаў супольны спеў праслаўлення.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі