8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у навіцыяцкім кляштары ў Лесьнёве (Польшча) дзевяць братоў-навіцыяў атрымалі белыя паўлінскія габіты.
Як паведамляе pauliny.by, сярод іх быў брат Уладыслаў Лопух з парафіі св. Ганны ў Варончы (Навагрудскі дэканат).
Акрамя яго, сёлета навіцыят у паўлінаў праходзяць браты з Польшчы, Славакіі, Венгрыі і Харватыі. Яны доўга чакалі гэтага дня. Паводле старадаўняга звычаю, манаскі строй (туніку, пояс з часткай ружанца і шкаплер) уручае братам прыёр кляштара менавіта ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, пасля некалькіх месяцаў іх прабывання ў навіцыяце.
На ўрачыстасць прыбылі паўліны з розных кляштараў, родныя і сябры навіцыяў. Да брата Уладыслава прыехалі айцы паўліны з кляштара ў Карэлічах і яго бацькі.
Святую Імшу, на якой навіцыі атрымалі манаскае адзенне, узначаліў прыёр лесьнёўскага кляштара а. Пётр Станікоўскі.
У гаміліі а. Матэуш Вальчак адзначыў, звяртаючыся да навіцыяў: “У манаскім жыцці ёсць пэўныя падзеі, якія перажываюцца толькі адзін раз. Праз некалькі гадоў вы будзеце ляжаць на падлозе яснагорскай базылікі, як хлеб на патэне, каб праз момант прыняць прэзбітэрскае пасвячэнне. Раней на Скалцы (Вышэйшая духоўная семінарыя паўлінаў у Кракаве) вы прымеце пасвячэнне дыяканату, а ў яснагорскай капліцы прынесяце вечныя манаскія абяцанні”. Святар назваў усё гэта найважнейшымі падзеямі, з якіх складаецца жыццё паўлінаў, а атрыманне навіцыямі манаскага адзення – падзеяй, якая стаіць на парозе іх кансэкраванага жыцця.