У парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) кожны чацвер пасля набажэнства да Маці Божай Чэнстахоўскай і святой Імшы праходзяць сустрэчы дарослых парафіян “Катэхеза для дарослых”. На іх парафіяне маюць магчымасць паглыбляць свае веды аб вучэнні Касцёла, праўдах веры, Святым Пісанні.
Сустрэчы праводзіць вікарый парафіі кс. Валерый Спірыдон, які стараецца зрабіць іх цікавымі і рознабаковымі. Ён запрашае на іх цікавых людзей з розных хрысціянскіх канфесій. Такім чынам на сустрэчах пабывалі прадстаўнік Праваслаўнай Царквы, грэка-каталіцкі святар. Парафіянам падабаецца пазнаваць штосьці новае, даведвацца аб тым, як праходзіць Літургія ў іншых канфесіях, параўноўваць праўды веры, хрысціянскія традыцыі, культурную спадчыну.
На днях ксёндз Валерый арганізаваў для ўдзельнікаў групы змястоўную экскурсію ў два прыгожых, знакамітых і старажытных месца Гродна – лютэранскую кірху і катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя.
У кірсе, першы ўспамін пра якую датуецца 1793 годам, парафіян сустрэў пастар Уладзімір Татарнікаў. Ён распавёў ім, адкуль у Гродне з’явіліся лютэране, пазнаёміў іх з гісторыяй кірхі, аргана, на якім граюць на канцэртах арганнай музыкі, якія праводзяцца сёння вельмі часта. Госці з задавальненнем паслухалі, як гучыць арган, а арганістка парафіі Святога Духа сястра Вікторыя выканала на ім некалькі каталіцкіх песень.
У катэдры іх сустрэў пробашч кс. канонік Ян Кучынскі, які ўзначальвае катэдральную парафію ўжо амаль 20 гадоў. Ад яго госці пачулі гісторыю гэтага касцёла, прыгожага і блізкага сэрцам католікаў, даведаліся, што яго будаўніцтва распачалі езуіты ў 1678 годзе, што асвячаны ён быў у 1705 годзе ў прысутнасці польскага караля Аўгуста ІІ і рускага цара Пятра І. Таксама яны даведаліся аб убранстве святыні і алтарах, аб магілах, якія знаходзяцца ў сутарэннях касцёла, дзе пахаваныя людзі высакароднага паходжання, пачулі гісторыю галоўнага алтара і яшчэ шмат цікавага. Пазней зноў гучала арганная музыка ў выкананні сястры Вікторыі, а потым вернікі маглі падняцца на вежу, дзе знаходзіцца найстарэйшы гадзіннік Еўропы, паслухаць аповед ксяндза Яна аб гісторыі і прынцыпах працы гэтага ўнікальнага механізма і паназіраць за горадам з вышыні птушынага палёту.
Экскурсія завяршылася ў капліцы Маці Божай Снежнай (Кангрэгацкай, або Студэнцкай). Вернікі пачулі гісторыю абраза, які знаходзіцца ў капліцы, даведаліся, як ён трапіў у Гродна, і аб цудах, якія здзяйсняліся і здзяйсняюцца ў жыцці людзей праз заступніцтва Панны Марыі.
Парафіяне дзякуюць ксяндзу Валерыю за арганізацыю экскурсіі, пастару Уладзіміру і ксяндзу Яну – за тое, што прысвяцілі ім час і падзяліліся цікавымі звесткамі. Вернікі дадаюць, што ўдзячныя Пану Богу за святароў і законных сясцёр, якія служаць у гэтай парафіі, і за іх працу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі