З 17 па 19 лістапада ў касцёле Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбыліся рэкалекцыі для мужчын. Рэкалекцыі мелі назву “Які мой вобраз Бога Айца?”.
У духоўных практыкаваннях прынялі ўдзел мужчыны і юнакі з Гродзенскай дыяцэзіі – Гродна, Ваўкавыска, Ліды, Смаргоні – і з тэрыторыі іншых дыяцэзій Касцёла на Беларусі: з Мінска, Браслава і самога Мядзеля. Канферэнцыі чытаў кс. Алег Хмылко.
На рэкалекцыях кожны ўдзельнік мог высветліць, які ў яго вобраз Бога. Як адзначыў ксёндз Алег, “можна шмат ведаць пра Пана, прачытаць не адну тэалагічную кнігу, але так і не спазнаць Нябеснага Айца як любячага, міласэрнага”.
Таксама ўдзельнікі мелі магчымасць зразумець свой досвед адносін з іншымі людзьмі: тое, ці знаёмы кожны з іх з прабачэннем, пяшчотай, каханнем. “Гэты досвед я праецырую на Бога, і калі досвед быў негатыўны, то і вобраз Айца будзе ілжывы, мне цяжэй спазнаць, які Пан насамрэч. Калі ў чалавека прэтэнзіі да Бога, то хутчэй за ўсё ў яго прэтэнзіі да людзей”, – патлумачыў ксёндз Алег.
У межах духоўных практыкаванняў разглядаліся пытанні: “Адкуль бяруцца дрэнныя аналогіі (Бог-чалавек) у нашых сэрцах, пачуццях, эмоцыях?”, “Якія праблемы ў духоўнасці ўзнікаюць на падставе гэтых аналогій? Што з гэтым рабіць?”, “Як выходзіць з ілжывых вобразаў Бога?” Удзельнікі сустрэчы спрабавалі “адкрыць вочы сэрца”, каб “убачыць сэрцам”, які Бог Айцец, спазнаць Яго сапраўдныя якасці.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі