19 лістапада ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Залессі, філіяльнай для смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла, па традыцыі адзначылі фэст у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці.
Святыня ў Залессі з’яўляецца філіяльнай для смаргонскай парафіі, у якой служаць ксяндзы салезіяне, ужо амаль 200 гадоў. Капліца была пабудавана родам Агінскіх, знакамітым у Беларусі і за яе межамі, чый палац у Залессі – адна з прыгожых мясцін нашай Бацькаўшчыны. У гэтым палацы можна дакрануцца да гісторыі, мастацтва, а таксама да духоўнасці, бо побач знаходзіцца дзеючая капліца. Пабудавана яна была не толькі для ўнутранага карыстання, але і для публічных набажэнстваў, аб чым сведчыла просьба гаспадароў маёнтка да смаргонскага пробашча апекавацца ў нядзелі і святы гэтай капліцай і грамадой мясцовых католікаў.
У залескім фэсце ўдзельнічалі дэкан Смаргонскага дэканату кс. канонік Антоній Казлоўскі, кс. Вадзім Сурвіла, ксяндзы салезіяне Аляксандр Мятліцкі, Юзаф Занеўскі і Артур Ляшнеўскі, пробашч смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла.
Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў кс. Аляксандр Мятліцкі, пробашч мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля. Шмат гадоў ён абслугоўваў гэтую капліцу, калі быў вікарыем смаргонскай парафіі. У гаміліі ксёндз Аляксандр падзяліўся з вернікамі цёплымі ўспамінамі пра служэнне ў Залессі і папрасіў ніколі не пакідаць капліцу, бо, па яго словах, гэта залеская Вострая Брама – трон ласкі Божай Маці.
Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол капліцы. Знамянальным было тое, што яна ішла пад гук званоў, напярэдадні змешчаных на вежы-сігнатурцы капліцы. Пасля завяршэння працэсіі ўсіх прысутных павіншаваў са святам старшыня залескага сельсавета, пажадаўшы ім радасці, духоўнага ўзрастання і супакою.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі