21 лістапада ў вёсцы Барацін Карэліцкага раёна адбылося благаслаўленне крыжа і памятнага знака ў гонар слугі Божага Зыгмунта Лазінскага.
У гэтай вёсцы 5 чэрвеня 1870 г. нарадзіўся будучы першы біскуп Пінскай дыяцэзіі. Хоць ён пражыў тут толькі першыя дзесяць гадоў жыцця, бо пасля сям’я Лазінскіх пераехала ў маёнтак Чэрнік каля Мінска Мазавецкага (Польшча), Барацін назаўсёды застаўся ў яго сэрцы.
Як паведамляе pauliny.by, па ініцыятыве пробашча карэліцкай парафіі айца Ежы Саковіча OSPPE і пры падтрымцы і дапамозе мясцовай улады, старшыні Карэліцкага райвыканкама Г. М. Шатуева і намесніка старшыні Я. М. Чычкана, вельмі хутка ўдалося ўпарадкаваць тэрыторыю і паставіць крыж.
На ўрачыстасць сабраліся людзі з розных месцаў Карэліцкага раёна. Прыбылі прадстаўнікі ўлады на чале са старшынёю райвыканкама, духавенства суседніх парафій, айцы паўліны, сёстры назарэтанкі з Навагрудка.
У прамове да сабраных пробашч сказаў:
“Сёння мы вельмі ўдзячныя слузе Божаму біскупу Зыгмунту Лазінскаму за словы, якія калісьці нам пакінуў: “Пане, калі даеш мне выбар – выбіраю Твой крыж…” Мы будзем памятаць, што пасля дару жыцця няма іншага, апроч любові. Нікому нічога мы не павінны на гэтай зямлі, апрача любові. Гэтую любоў Хрыста біскуп Зыгмунт перадае кожнаму з нас, каб мы адзін аднаго любілі і Хрыста ў гэтым свеце абвяшчалі, аддаючы Яму пашану”.
У малітве пробашч даручыў Богу ўсіх, хто будзе ўшаноўваць гэты крыж і прыбываць у Барацін у пілігрымках, каб ушанаваць слугу Божага Зыгмунта і прасіць у яго заступніцтва.