16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Эўхарыстыю апоўдні ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На Імшы прысутнічалі шматлікія жыхары горада, уключаючы саміх вернікаў катэдральнай парафіі, а таксама студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
У гаміліі біскуп казаў пра Маці Божую Міласэрную, якая першай з людзей спазнала ўсемагутнасць і бязмернасць Божай Міласэрнасці.
Па словах іерарха, гэтая ўрачыстасць – нагода падзякаваць Пану Богу за тое, што Ён у сваім Провідзе даў людзям Найсвяцейшую Панну Марыю як Маці і Заступніцу, чыя славутая ласкамі выява ў Вострай Браме ўжо больш за трыста гадоў прыцягвае незлічоную колькасць пілігрымаў.
“Трэба памятаць, што Марыя прыходзіць да нас са сваёй матчынай дапамогай не толькі ў санктуарыях. Каб сустрэцца з Ёй на малітве, мы не мусім нікуды пілігрымаваць”, – сказаў біскуп, дадаўшы, што “Яна з намі тут і цяпер, у кожны момант нашага жыцця”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што Панна Марыя, як сапраўдная Маці, радуецца, калі да Яе прыходзяць, і ніколі не адмаўляе ў сваёй дапамозе.
Біскуп заахвоціў удзельнікаў літургіі прасіць у Маці Божай Вастрабрамскай, каб Яна вымаліла для іх ласку моцнай веры і любові да Хрыста.
На Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто ўтварае сям’ю Гродзенскай дыяцэзіі, – за духавенства і вернікаў, бо з моманту заснавання дыяцэзіі ў 1991 г. Панна Марыя Вастрабрамская была абрана яе галоўнай Апякункай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Станіслаў Бервячонак