14 лістапада ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах адбыўся дзень засяроджання для духавенства і асобаў кансэкраванага жыцця, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
У духоўных практыкаваннях удзельнічалі святары і законныя сёстры з чатырох дэканатаў дыяцэзіі: Ашмянскага, Астравецкага, Іўеўскага і Смаргонскага.
Узначаліў сустрэчу біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Прысутныя святары выслухалі канферэнцыю “Літургія – крыніца ўсялякіх ласкаў і дароў Духа Святога”, з якой выступіў пробашч гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя кс. канонік Ян Кучынскі.
З канферэнцыяй для кансэкраваных асобаў, прысвечанай манаскай вернасці, выступіў пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) а. Аркадзь Куляха OCD.
Цэнтральным момантам сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
На пачатку літургіі іерарх заахвоціў усіх прысутных – удзельнікаў сустрэчы і парафіян, якія сабраліся ў святыні, за апошні час адноўленай і папрыгажэлай, – далучыцца да малітвы ў інтэнцыі памерлага кс. каноніка Здзіслава Вэдэра, салезіяніна, руплівага душпастыра, які шмат гадоў служыў на Смаргоншчыне.
У гаміліі пробашч ашмянскай парафіі кс. канонік Ян Пузына з нагоды набліжэння ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, якая з’яўляецца галоўнай Апякункай Касцёла на Гродзеншчыне, казаў пра жывы культ Маці Божай у мясцовым Касцёле.
Святар найперш заахвоціў, каб усе парафіі дыяцэзіі духоўна падрыхтаваліся да каранавання абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах, якое згодна з рашэннем біскупа Гродзенскага запланавана на восень наступнага года.
У канцы Эўхарыстыі біскуп Аляксандр падзякаваў святарам і законным сёстрам за прыбыццё на сустрэчу, на якой яны мелі магчымасць умацавацца ў веры і любові да Бога і тых людзей, якім служаць кожны дзень.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі