4 лістапада ў гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка) адбыўся дзень засяроджання для міністрантаў.
Паколькі нядаўна адзначалася ўрачыстасць Усіх Святых, міністранты разважалі на тэму святасці і таго, як можна дасягнуць яе ў сучасным свеце. Удзельнікі сустрэчы распачалі сваё засяроджанне малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці, якую ахвяравалі за памерлых, каб тыя, хто церпіць у чыстцы, хутчэй дасягнулі вечнага шчасця і дапамагалі жывым прыйсці да святасці.
Затым адбылася катэхеза “Праз служэнне да святасці”. Распачынаючы рaзважанне ад агульнага паняцця святасці, юнакі прыйшлі да высновы, што служэнне Богу з’яўляецца адным з атрыбутаў святога чалавека.
На сустрэчы адзначалася, што чалавек служыць Богу ўсім сваім жыццём і пакліканнем, якое рэалізуе; служэнне пры алтары асвячае чалавека, бо міністрант служыць у першую чаргу Хрысту, а потым святару і парафіяльнай супольнасці.
Было адзначана таксама, што прыклад маладых святых, якія з’яўляюцца апекунамі міністрантаў, гаворыць аб тым, што праз любоў да літургіі, блізкае з’яднанне з Хрыстом і вернае спаўненне абавязкаў чалавек у любым узросце можа дасягнуць дасканаласці.
Пасля катэхезы міністранты разам прагледзелі фільм “Найвялікшы цуд”, прысвечаны больш свядомаму ўдзелу ў Эўхарыстыі.
Падчас сустрэчы былі падведзены вынікі паспяховасці міністрантаў і іх прысутнасці на дзяжурствах, а таксама былі ўзнагароджаны лепшыя міністранты месяца. Сустрэча завяршылася салодкім сталом.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі