Skip to main content

Святыя і іх шлях да неба былі ў цэнтры ўвагі вернікаў ваўкавыскай парафіі

wolkowysk 1Ва ўрачыстасць Усіх Святых у парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску сустракалі незвычайных гасцей. Да парафіян завіталі святыя.

Сярод іх былі Божая Маці Марыя і Юзаф, апосталы Пётр і Павел, Божы эколаг Францішак, каралева Ядвіга, незвычайная жанчына-воін Жанна д’Арк, простая дзяўчынка Марыя Гарэцці, Філамена, Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, Клара, Рыта, нябесны заступнік гэтай парафіі Станіслаў Костка.

Пробашч парафіі кс. Павел Звяжынскі ў гаміліі на Імшы ў гэты дзень распавёў пра хлопчыка, які хацеў стаць святым. Мама гэтага хлопчыка баялася, што яго прыгожыя мары могуць хутка знікнуць, калі, магчыма, праз некалькі гадоў ён будзе шукаць толькі грошай і задавальненняў і забудзецца, што жадаў быць святым.

Акрамя таго, вернікі пачулі, што, каб стаць святым і трапіць у неба, трэба прайсці дарогай нявіннасці, пастаяннай прысутнасці ў душы асвячальнай ласкі і заўсёды быць блізка да Пана Езуса. Як было адзначана, гэтай дарогай ішло многа святых – напрыклад, Станіслаў Костка, Алаізій Ганзага, Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса.

wolkowysk 7

Таксама пробашч падкрэсліў, што, паколькі лёгка збочыць з дарогі добрага жыцця на памылковыя сцежкі граху, Пан Езус прадугледзіў і іншы шлях да святасці і неба – шлях навяртання і пакаяння, якім ішлі ўзгаданы ў Святым Пісанні марнатраўны сын, Марыя Магдалена і мільёны іншых.

Ксёндз Павел заахвоціў парафіян да малітвы, каб усе яны сталі калісьці перад брамай нябёс, дзе Бог будзе чакаць іх.

Разважанні, над якімі засяроджваліся вернікі парафіі ў гэты дзень, яскрава выяўляе верш:

– Ці магу я стаць святым, адкажы мне, дружа?

Што для гэтага мне мець? Быць здаровым, дужым?

– Калі хочаш быць святым, дужым быць не хопіць,

Трэба мець здаровы дух, узрастаць у цнотах.

– Што ж за цноты трэба мець? Скарбы, грошы, славу?

– Трэба мець надзею, веру і любіць ласкава.

– А каго любіць скажы? Маму, тату, брата?

– Адкажу табе, што ўсіх, усе любові варты.

– Гэта цяжка – палюбіць усіх людзей у свеце.

– Дапаможа Бог табе, бо Яго мы дзеці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі