У нядзелю 29 кастрычніка настаўнікі парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) пад кіраўніцтвам пробашча кс. каноніка Паўла Салабуды пабывалі на экскурсіі ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.
Экскурсію правёў кс. канонік Антоній Грэмза.
Настаўнікі наведалі Лямус – драўляны дом, які першапачаткова быў пабудаваны без адзінага цвіка і якому больш за сто гадоў, убачылі прысвечаную назарэтанкам-мучаніцам з Навагрудка выставу з партрэтаў і экспанаты для будучага музея (у першую чаргу абразы, на якіх прадстаўлена св. Брыгіта), пазнаёміліся з гісторыяй брыгіцкага касцёла.
Экскурсія была пазнавальнай і цікавай. Такія сустрэчы пашыраюць веды ўдзельнікаў па гісторыі Каталіцкага Касцёла, спрыяюць збліжэнню калектыву.
Душпастырская дзейнасць настаўнікаў у парафіі Святога Духа вядзецца ўжо другі год. Іх сустрэчы адбываюцца ў апошнюю нядзелю месяца. Куратарам групы з’яўляецца кс. канонік Павел Салабуда.
Тыя настаўнікі, якія яшчэ не ў групе, запрашаюцца далучыцца да яе.
Таццяна Лойша