22 кастрычніка парафія св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар свайго нябеснага апекуна.
Напярэдадні адбылася саракагадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якой удзельнічалі ўсе суполкі парафіі і жыхары яе вуліц. Казанні ў межах набажэнства, духоўна рыхтуючы вернікаў да ўрачыстасці, прамаўляў дырэктар Пастаральнага цэнтра Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Віталій Дабраловіч.
Сярод гасцей фэсту былі святары Смаргонскага дэканату, яго дэкан кс. Антоній Казлоўскі, настаяцель супольнасці братоў капуцынаў з мінскай парафіі св. Францішка Асізскага а. Алег Шэнда.
Айцец Алег разам з кандыдатам мастацтвазнаўства, даследчыкам у галіне каталіцкага мастацтва на Беларусі Веранікай Раманенкавай быў таксама членам журы сямейнага конкурсу, які прайшоў у смаргонскай парафіі.
Пасля ўрачыстай святой Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія на ўшанаванне Найсвяцейшага Сакрамэнту і як знак сведчання веры.
Фэст традыцыйна адзначылі і па-свецку – парафіяльнай кашай і гарбатай, латарэяй і абвяшчэннем вынікаў конкурсу паводле рашэння журы і сімпатый гледачоў. У напружанай барацьбе па выніках галасавання журы першае месца з разрывам у адзін бал заняла праца сям’і Аксеніных, выкананая са шрубаў. Гэтая праца перамагла і сярод гледачоў.
Сям’я Аксеніных атрымала ў якасці прызоў пілігрымку і два тамы кнігі “Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі”. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі ў падарунак Бібліі.
Бяспройгрышная латарэя скончылася розыгрышам электрасамаката, які выйграла сям’я Баран.
Парафіяне, удзячныя Богу за дар свайго апекуна святога Яна Паўла ІІ, выказваюць падзяку за супольную малітву і праслаўленне Пана гасцям урачыстасці, святарам, якія ў ёй удзельнічалі, і “Радыё Марыя”. Таксама яны дзякуюць свайму пробашчу ксяндзу Яўгену Учкуронісу і ўсім іншым, хто прычыніўся да падрыхтоўкі фэсту.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі