Skip to main content

Адбылася прэзентацыя кнігі “Мінулае і сучаснае Дворышча”

kniga ksbeganski 7У нядзелю 22 кастрычніка ў Цэнтры культуры і народнай творчасці аграгарадка Дворышча адбылася прэзентацыя кнігі “Мінулае і сучаснае Дворышча”. Гэта стала яшчэ адной знакавай падзеяй у жыцці парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Радунскі дэканат), капліца якой у тым жа аграгарадку была асвячана напярэдадні.

У кнізе аўтар адпраўляе чытача ў падарожжа ў часе, знаёміць з мінулым і сучасным Дворышча і яго ваколіцамі. Кніга ўражвае зместам, мае багаты выяўленчы матэрыял.

kniga ksbeganski 6

Новыя адкрыцці чакаюць тых, хто захоплена ўглядаецца ў сівую мінуўшчыну Дворышча, пра якое сказана:

Пяцьсот гадоў мястэчку мінавала:

Гісторыі муроў, падзей і развіцця.

Вякамі Дворышча сваю прысутнасць шанавала,

Людскім імкненням ды да лепшага жыцця...

На прэзентацыі, якую правялі Іван Ганевіч і Юлія Сямашка, сабраліся мясцовыя вернікі, валанцёры і запрошаныя госці. Галоўным героем мерапрыемства стаў аўтар выдання кс. канонік Юрый Бяганскі, пробашч тракельскай парафіі.

Асноўнай тэмай прэзентацыі стала захаванне ўнікальнай культуры Радзімы і памяці пра яе выдатных прадстаўнікоў. Выступаючымі былі жыхары Дворышча і навакольных вёсак. Вельмі цікавым было выступленне настаўніцы беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы Ірыны Шостак, якая падзялілася ўражаннямі ад новай кнігі і распавяла аб супрацоўніцтве з аўтарам.

kniga ksbeganski 9

На сцэне гучалі вершы і песні ў выкананні таленавітых людзей дварышчанскай зямлі. Яркія і незабыўныя эмоцыі падаравалі мясцовым жыхарам і гасцям Алег Кароль, Міхаіл Рубаў, Тэрэса Банцавіч, Марыя Смолка, вучні музычнай і сярэдняй школ.

Выступаючыя пажадалі кс. каноніку Юрыю Бяганскаму далейшых поспехаў у святарскай і літаратурнай дзейнасці.

Пробашч тракельскай парафіі падзякаваў усім вернікам і спонсарам, якія малітвай і ахвяраваннямі падтрымалі будаўніцтва капліцы Маці Божай Ружанцовай, што знаходзіцца на мясцовых могілках. Самыя актыўныя атрымалі на памяць экзэмпляры новай кнігі і ганаровыя граматы.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі