Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
18 кастрычніка гэтага года, падчас Генеральнай аўдыенцыі, Святы Айцец Францішак, разважаючы пра шматлікія ваенныя канфлікты ў свеце сказаў: «У свеце адкрыта шмат франтоў вайны. Няхай змоўкне зброя, няхай будзе пачуты крык бедных і дзяцей аб міры. Вайна не вырашыць ніводнай праблемы. Яна сее толькі смерць і разбурэнне. Яна павялічвае нянавісць. Яна памнажае помсту». Пры гэтым Пантыфік дадаў, што вайна перакрэслівае будучыню. «Заахвочваю вернікаў стаць на адзін бок у гэтым канфлікце — бок міру, — не толькі словамі, але малітвай», — заклікаў Папа Францішак.
Святы Айцец прапануе правесці ў пятніцу 27 кастрычніка дзень посту, малітвы і пакаяння, да якога ён запрашае далучыцца людзей «розных хрысціянскіх канфесій, тых, хто належыць да іншых рэлігій, і ўсіх тых, хто імкнецца да справы міру ў свеце: няхай далучацца да гэтай ініцыятывы паводле свайго меркавання».
«27 кастрычніка ў 18.00 (па рымскім часе) у базыліцы святога Пятра мы перажывем гадзіну малітвы ў духу пакаяння, каб прасіць аб міры, міры ў гэтым свеце. Прашу ўсе партыкулярныя Касцёлы ўдзельнічаць у падрыхтоўцы падобных ініцыятываў з удзелам Божага народа», — заклікаў Папа Францішак.
Далучаючыся да просьбы Святога Айца, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заклікае вернікаў нашай краіны, кожнага хрысціяніна, а таксама кожнага чалавека добрай волі, якому неабыякавы мір на свеце, 27 кастрычніка зрабіць днём посту, малітвы і пакаяння ў намеры міру.
Звяртаемся з прапановай і просьбай да кожнага пробашча ў Беларусі, каб, па магчымасці, 27 кастрычніка ў 19.00 па беларускім часе (па рымскім часе ў 18.00) далучыцца ў малітве да Святога Айца з адмысловым набажэнствам аб міры (паводле ўласнага меркавання).
На гэтую Божую справу ад усяго сэрца благаслаўляем,
каталіцкія біскупы Беларусі.
Мінск, 19 кастрычніка 2023 г.
Святарам належыць прачытаць гэты зварот падчас кожнай святой Імшы у бліжэйшую нядзелю, 22 кастрычніка.
Тэкст Звароту для друку ТУТ>>>