Skip to main content

 Біскуп Кашкевіч узяў удзел у набажэнстве на Мядзельскай Кальварыі і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі мясцовым вернікам

2023 09 18 Miadzel20230918 003У нядзелю 17 верасня, наступную пасля свята Узвышэння Святога Крыжа, на старадаўняй Мядзельскай Кальварыі адбылася традыцыйная адпустовая ўрачыстасць.

Сёлета набажэнства Крыжовага шляху ў гэтым святым месцы, якім апякуюцца айцы кармэліты босыя, прайшло з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Набажэнства завяршылася ўрачыстай святой Імшой на палявым алтары на Гары Крыжоў, падчас якой біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі дванаццаці мясцовым вернікам.

2023 09 18 Miadzel20230918 008

Божае слова да сабраных вернікаў скіраваў ксёндз Алег Пятрашка. У гаміліі святар падкрэсліў важнасць жыцця паводле праўдаў веры, уменне іх абараняць, нягледзячы на складаныя жыццёвыя акалічнасці, як рабілі гэта многія святыя, у прыватнасці, святы Яна ад Крыжа. Ксёндз Алег параўнаў кандыдатаў да канфірмацыі з апосталамі, якіх таксама было дванаццаць.

Напрыканцы святой Імшы былі прамоўлены словы падзякі, адбылося ўручэнне пасведчанняў і супольны здымак. Цёплае сонечнае надвор’е спрыяла атмасферы глыбокай малітвы і сапраўднай хрысціянскай радасці.

Паводле Catholic.by