Катэхетычны каледж у Баранавічах (Пінская дыяцэзія) арганізаваў навуковы сімпозіум, а таксама практычныя семінары на тэму “Евангелізацыя і сродкі масавай інфармацыі”, якія адбыліся 25-26 лютага. На сімпозіум прыбыло шмат людзей, зацікаўленых развіццём СМІ ў Беларусі. Прысутнічаў таксама кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў ККББ адказны за развіццё мас-медый у Беларусі.
Ад Гродзенскай дыяцэзіі рэферат на сімпозіуме прадставіў кс. Павел Салабуда, адказны за мас-медыі ў нашай дыяцэзіі. Кс. Павел у сваім рэфераце прэзентаваў сучасны стан каталіцкіх СМІ ў Касцёле ў Беларусі, а таксама ўдзел Касцёла ў развіцці мас-медый. Як было падкрэслена, зроблена ўжо шмат, але трэба яшчэ ўкласці дастаткова працы ў развіццё каталіцкіх СМІ. Удзельнікі сімпозіума пазнаёміліся з дзейнасцю каталіцкай прэсы ў нашых дыяцэзіях.
У Беларусі на сённяшні дзень дзейнічае 3 каталіцкія газеты, 7 часопісаў, а таксама 2 выдавецтвы. Кс. Павел заахвоціў прысутных чытаць каталіцкую прэсу, знаёміцца з кніжкамі, якія выдаюць каталіцкія выдавецтвы.
– Чытанне каталіцкай прэсы мае вельмі вялікае значэнне ў нашай рэлігійнай фармацыі, – адзначыў кс. Павел.
Таксама падчас рэферата кс. Павел падкрэсліў вялікую актыўнасць у сферы абвяшчэння Евангелля ў інтэрнэце, на тэлебачанні і радыё. Практычна ўсе дыяцэзіі маюць свае тэлевізійныя і радыёперадачы на радыёхвалях, а ў інтэрнэце сёння можна сустрэць шмат духоўных і свецкіх асоб, якія абвяшчаюць навуку Хрыста праз блогі і сацыяльныя сеткі.
– Касцёл у Беларусі не баіцца сродкаў масавай інфармацыі. Хрысціянская думка павінна перадавацца праз мас-медыі, – сказаў кс. Салабуда, адзначаючы таксама, што дзякуючы каталіцкім сродкам масавай інфармацыі кожны веруючы чалавек можа лепш зразумець сённяшні свет, а таксама спрабаваць прааналізаваць розныя падзеі з пункта гледжання свецкага чалавека.