
На пачатку св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр нагадаў шматлікім прысутным вернікам пра сэнс гэтага набажэнства:
- Сёння мы распачынаем гэты 40-дзённы святы час, прысвечаны таму, каб мы ўсвядомілі сваю слабасць, каб зрабілі пастанову выправіцца. Чарговы раз Пан Бог дае нам шанец, каб мы зразумелі сваю чалавечую слабасць, а з другога боку – патрэбу Божай міласэрнасці, нашага навяртання, паяднання з Богам, выконваючы яго наказы і запаветы. У гэты святы час мы традыцыйна збіраемся ў нашых святынях. Сёння мы атрымаем асвечаны попел, які будзе пасыпаны на нашыя галовы з глыбока значымымі словамі святара: “Памятай, што ты прах, і ў прах вернешся” або “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”.
У сваёй гаміліі ксёндз біскуп звярнуў увагу на тое, што праз словы святара Касцёл нагадвае чалавеку пра тое, кім той з’яўляецца і якая яго часовая значнасць. Попел – гэта найтаннейшая рэч на свеце, яго высыпаюць у найгоршым месцы, адкуль яго разносіць вецер. Аднак нягледзячы на чалавечую мізэрнасць, Бог пажадаў, каб чалавек змог дасягнуць вечнага жыцця, аддаў за яго свайго Сына, каб вызваліць нас ад духу шатана і граху. Аднак, каб дасягнуць вечнага жыцця, патрэбны наш асабісты высілак. Евангелле дае нам адказ на тое, што трэба рабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця. Сам Езус Хрыстус кажа пра навяртанне, гэта значыць, пра змену кірунку свайго жыцця. Акурат час Вялікага посту дае нам такую магчымасць.
Пасля адбылося асвячэнне попелу, якім святары пасыпалі галовы вернікаў.
Літургічная адаптацыя звычаю пасыпання галоў попелам з’явілася ў VIII ст. Першыя сведчанні пра асвячэнне попелу паходзяць з Х ст. У наступным стагоддзі папа Урбан ІІ увёў гэты звычай як абавязковы ў цэлым Касцёле.