Пасля вяртання з Венгрыі капітан каманды кс. Павел Салабуда распавёў:
– У гэтым годзе сярод 11 каманд мы занялі 9 месца. Відавочна, што з кожным разам усё лепш. Мы цешымся з такіх вынікаў.
Кс. Артур Малафей заўважыў, што да 5-6-га месца трохі не хапіла. Сёлета перамогу атрымалі святары з Партугаліі. Нашыя ксяндзы прайгралі ў групе футбалістам з Венгрыі, Босніі і Герцагавіны з лікам 0:3, а Харватыі 0:2, затое з камандай са Славеніі згулялі ўнічыю 0:0. У змаганні за 9 месца нашыя ксяндзы перамаглі каманду з Аўстрыі з лікам 2:1.
1. Партугалія
2. Харватыя
3. Польшча
4. Боснія і Герцагавіна
5. Венгрыя
6. Славакія
7. Румынія
8. Славенія
9. Беларусь
10. Аўстрыя
11. Украіна
Арганізацыйны камітэт зацвердзіў, што наступны чэмпіянат адбудзецца ў Славеніі ў 2013 годзе.
– Мы хочам лепш падрыхтавацца да наступнага чэмпіянату, – кажа кс. Павел. – Бо такія каманды, як Польшча і Харватыя, збіраюцца на трэнінгі некалькі разоў на год, бяруць удзел у розных турнірах. Гэта добрая нагода да евангелізацыі праз футбол. У Венгрыі мы бачылі адзіную ў Еўропе Каталіцкую акадэмію футбола, у якую прымаюцца хлопцы, якія апрача спорту пазнаюць Бога. Студэнты акадэміі маюць свайго капелана, ксяндза, які навучае рэлігіі. Напрыклад, у гэтым годзе на Вялікдзень каля 100 хлопцаў прымуць хрост у Касцёле.
На гэтым нашыя святары не спыняюцца. Са слоў капітана вынікае, што плануецца пасля Вялікадня запрасіць святароў з іншых дыяцэзій у Гродна, дзе будзе арганізаваны турнір па міні-футболе сярод дыяцэзій Беларусі.
– Думаю, што на гэты турнір, які будзе арганізаваны як дабрачынны, прыбудуць святары з усіх дыяцэзій. Мы спадзяёмся, што шмат ахвотных захоча ўбачыць, як граюць святары, а таксама прыняць удзел у дабрачыннай акцыі, – зазначыў кс. Павел Салабуда.